Два памятныя знакі плануецца ўстанавіць у Вілейцы да Дня вызвалення Беларусі. Адзін з іх – герб горада – павінны стаяць на плошчы Леніна перад фантанам, другі – “Дрэва сяброўства” – альбо на плошчы, альбо паміж кінатэатрам і гасцініцай.
“Устаноўка памятных знакаў пакуль што ў нашых планах, – сказала 18 чэрвеня ў інтэрв’ю “РГ” начальнік аддзела ідэалогіі райвыканкама Святлана Дзяруга, – мы плануем адкрыць іх напярэдадні свята, 2 ліпеня вечарам, але ўсё будзе залежыць ад фінансавання”.

Хто будзе фінансаваць устаноўку знакаў, Святлана Дзяруга пакуль сказаць устрымалася. Тым не менш, па словах начальніка аддзела ідэалогіі, знакі ўжо робяцца. Герб рыхтуе Віктар Гіль, кіраўнік фірмы “Мега-Літас”, “Дрэва сяброўства” – фірма “Камдор”.

Па словах дырэктара Вілейскага краязнаўчага музея Сяргея Ганчара, “Дрэва сяброўства” будзе ўяўляць сабой мемарыяльны знак, прысвечаны гарадам-партнёрам Вілейкі.

Выява герба будзе на чырванаватай гранітнай пліце, расказаў нашаму выданню архітэктар Анатоль Капцюг.

“Эскіз я ўчора аддаў Віктару Гілю, – кажа Анатоль Капцюг, – пасля таго, як ён зробіць памятны знак, я яго залатой фарбай падмалюю. Над гербам будзе дата заснавання Вілейкі – 1460 год. Хаця, супрацоўніца нашага музея Наталля Яфімава казала мне, што ў інтэрнэце знайшла новую дату – 1434 год. На лацінскай мове там згадваецца пра Старакуранецкую воласць”.

Першапачаткова гаворка ішла пра ўстаноўку трох памятных знакаў. Трэці – ва ўрочышчы Дубаўка. У гонар святкавання віляйчанамі Дня Перамогі. У музеі ёсць фатаграфія, на якой жыхары горада святкуюць Перамогу ў маі 1945 года.

Меркавалі, што адбываецца гэта ў Дубаўцы. Дубаўку збіраліся адзначыць як традыцыйнае месца святкавання ад 1945 года. Але прыгледзеліся, разабраліся і высветлілі, што падзеі мая 1945 года адбываюцца не ў Дубаўцы, а ў гарадскім парку. Такім чынам, знікла і нагода для ўстаноўкі знака.

Сяргей ЗЯНЬКО.