У “Вялікае летняе падарожжа” запрасіла школьнікаў Вілейская гарадская дзіцячая бібліятэка. У час яго дзеці разам з супрацоўнікамі прыслухоўваюцца да парадаў класікаў, асвойваюць імперыю фантастыкі і прыгод, падарожнічаюць па краіне добрых чараўнікоў.

“На час канікулаў у нас распрацаваная праграма летняга чытання, – расказвае бібліятэкар Рэгіна Лешч. – Разлічаная яна на дзяцей ад першага да дзевятага класа. Але ў ліку чытачоў ёсць і дзесяцікласнікі, і будучыя выпускнікі. У Вілейцы вельмі шмат дзяцей, якія любяць чытаць”.

Густы ў іх розныя. Адныя цікавяцца прыгодніцкай літа­ра­турай, другія фантастыкай, трэція любяць чытаць раманы для дзяўчынак і часопісы. “Мы заўсёды даём дзецям кніжкі, якія яны просяць, – кажа Рэгіна Лешч, – але, бывае, прапаноўваем штосьці і самі. Вельмі хочацца, каб моладзь расла на добрай класічнай літаратуры. У гэтай справе ёсць у нас памочнікі – школьныя настаўнікі літаратуры, якія даюць дзецям спісы кніг на лета. Неяк мы хацелі нават напісаць ім за гэта падзяку ў газету”.

Рэгіна кажа, што самыя актыўныя іх чытачы – вучні СШ № 3. Нягледзячы на немалую нагрузку ў школе, яны і чытаць паспяваюць, і ў розных конкурсах удзельнічаюць. Неяк спыталася ў старшакласніцы: “Як ты ўсё паспяваеш? І ў школе на дзесяткі вучыцца, і столькі кніг чытаць?” “Нельга ж увесь час займацца, – адказала ёй дзяўчына, – а з кнігай я адпачываю ад школьных прадметаў”.

З пачатку летніх канікулаў у праграму летняга чытання ўжо ўключылася 26 чалавек. Дзеці з задавальненнем чытаюць, малююць, выконваюць заданні, якія прапаноўваюць ім бібліятэкары, за што атрымліваюць балы. Напрыклад, калі напішаш водгук на тэму “Гэтым летам я палюбіў кнігу” альбо возьмеш ўдзел у конкурсе работ з прыроднага матэрыялу “Фантазіі маленькіх чараўнікоў”, можаш зарабіць 20 балаў, калі дасі парады дзецям, якія не любяць чытаць – 10, а прывядзеш сябра ў бібліятэку – 15.

“У мінулым годзе дзеці зараблялі не балы, а біблоны, які пасля можна было атаварыць у бібліямагазіне, што працаваў у нашай жа бібліятэцы, – расказвае Рэгіна Лешч. – Бачылі б вы, з якой радасцю выменьвалі яны іх на блакноцікі, алоўкі, часопісы, сшыткі, як хваліліся сваімі дасягненнямі адно перад адным, як радаваліся, калі мы іх хвалілі”.

Многія ўдзельнікі “Вялікага летняга падарожжа”, а гэту акцыю бібліятэкары праводзяць каторы год запар, прачытваюць за лета па некалькі дзесяткаў кніг. Сярод самых сваіх актыўных чытачоў яны называюць вучаніц СШ №3 Сабіну Нікалаевіч і Вераніку Качан. Сясцёр Злату і Рыту Скабей, а таксама Таццяну Новікаву, якія вучацца ў гімназіі “Логас”, Марка Іваненку з гімназіі №2 і многіх іншых дзяцей.

Праграма будзе доўжыцца ўсё лета. Да яе можна далучыцца ў любы час: сёння, заўтра, праз тыдзень. Бібліятэкары будуць рады кожнаму юнаму чытачу і абяцаюць выправіць яго ў падарожжа толькі з добрай кнігай.

Марына СЛІЖ.