Сваёй дамашняй перамогай 19 чэрвеня над “Асіповічамі” маладзечанцы адарваліся ў турнірнай табліцы ад шчыльнай групы камандаў, якія маюць па 14 ачкоў.

Паражэнне адкінула б нас у сярэдзіну табліцы. Перамога ўвяла ў склад пяцёркі лідэраў. Добра кантралюючы мяч і амаль не памыляючыся ў абароне, мы дыктавалі саперніку свае ўмовы. Да 83 хвіліны нашы вялі 2:0. А калі мы прапусцілі, яшчэ сем хвілін асноўнага часу і тры дадазеныя хвіліны было вельмі трывожна. І ўсё ж каманда ўтрымала так неабходную перамогу.

 

 

 

 

 

 

Гармаза.

Мокрый з сынам.

 

Доктар каманды Юра.

Ад самага пачатку сустрэчы вельмі актыўным на левым фланзе паўабароны быў Міхаіл Лужынскі. Падчас нашых атак ён змяшчаўся ў цэнтр, дзе не даваў абаронцам “Асіповічаў” спакойнага жыцця. Да 13 хвіліны Міхаіл меў два небяспечныя моманты, а на 13 хвіліне забіў. Дзмітры Вышынскі на правым фланзе абыграў саперніка, аддаў мяч у цэнтр на Лужынскага, і Міхаіл быў дакладны – 1:0.

І надалей гульня праходіла з перавагай гаспадароў поля. Госці мелі пару-тройку паўмомантаў, падчас якіх пагрозу ад сваіх варот адвёў наш варатар Антон Шчэрба. Парадавала, што Антон прадоўжыў сваю ўпэўненую гульню пасля сустрэчы з “Вертыкаллю”.

У другім тайме на 59 хвіліне нашага нападаючага Аляксандра Грыхуціка замяніў паўабаронца Дзмітры Касцюк.

“Гульня ў Грыхуціка, на жаль, не склалася, і замена была цалкам апраўданая, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” трэнер маладзечанцаў Віталь Казяк. – Пасля гэтай замены мы атрымалі магчымасць паставіць Лужынскага наперад”.

На 64 хвіліне Міхаіл за кошт добрай дыстанцыйнай хуткасці ўцёк ад апошняга паўабаронцы праціўніка і быў гатовы выйсці адзін на адзін з варатаром. Абаронцу нічога не заставалася, як на падыходзе да штрафной пляцоўкі ўдарыць Лужынскага па нагах. Фол апошняй надзеі. Суддзя паказаў парушальніку заслужаную чырвоную картку.

Госці засталіся ўдзесяцёх. Штрафны ўдар. Выконваючы які, Ігар Нарожнік выстраліў у перакладзіну варот.

Ціск на вароты “Асіповічаў” узмацняўся. Прайшло ўсяго пяць хвілін, і Лужынскі аформіў дубль. На гэты раз асіставаў свайму партнёру Віталь Макрыцкі, аддаўшы галявую перадачу – 2:0.

“Пасля гэтага мы думалі, што ўпэўнена давядзём матч да перамогі. Тым больш, што моманты забіць мелі Касцюк, Нарожнік, той жа Лужынскі, – кажа Віталь Казяк. – Але прапусцілі на 83 хвіліне гол у свае вароты, і канцоўка сустрэчы прайшла нервова. У гэтым моманце мы не ўгледзелі за гульцом саперніка. Я не стаў бы абвінавачваць у прапушчаным мячы Шчэрбу. Хаця надалей яўна небяспечных момантаў ля нашых варот не ўзнікала, але  поле ад дажджу было слізкае, і мы баяліся прапусціць выпадковы, недарэчны гол”.

Добра тое, што добра заканчваецца. Пасля гульні ўзнікла лагічнае пытанне: а ці не паставіць Лужынскага ў нападзенне, калі ў Міхаіла ўсё так здорава атрымалася ў матчы з “Асіповічам”?

Віталь Казяк адмаўляе такую магчымасць. Па-першае тады застанецца аголены левы фланг паўабароны, па-другое, трэба ўсё ж даваць магчымасць праявіць нарэшце сябе Аляксандру Грыхуціку.

І галоўнае – Лужынскі вельмі добра змяшчаецца ў цэнтр нападзення ў другой палове гульні, калі абаронцы праціўніка крыху стаміліся, а Міхаіл на сваіх доўгіх нагах проста “перабегвае” іх. Калі такая тактыка прыносіць плён, навошта ад яе адмаўляцца?

Адзначым таксама жоўтую картку на 90 хвіліне Дзмітрыя Касцюка, які пайшоў прамой нагой на саперніка. І хаця згуляў у мяч, але арбітр расцаніў гэты момант як небяспечную гульню маладзечанскага паўабаронцы.

І яшчэ адна навіна: у ліпені сыходзіць у армію Антон Шчэрба. Застаёмся з Канстанцінам Сашчанкам і Вячаславам Камінскім. Будзем спадзяваца, што хлопцы надзейна згуляюць на апошнім рубяжы абароны.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Турнірная табліца пасля 11 тураў:*

1.          Клечаск                28

2.          Гарадзея               28

3.          Слуцкцукар          24

4.          Нёман                  18

5.          Маладзечна               17

6.          Орша                   15

7.          Жлобін                 14

8.          Спартак               14

9.          Бяроза-2010         14

10.        Асіповічы               14

11.        Гомельчыгунтранс  14

12.        Вертыкаль             13

13.        Вігвам                   12

14.        Гомель-2               11

15.        Белтрансгаз          11

16.        Зорка-БДУ            10

17.        Лівадзія                  9

18.        ДСК-2                    3

* “Гомельчыгунтранс” і “Зорка-БДУ” правялі на адну гульню менш.