Трох парушальнікаў затрымалі 20 чэрвеня на Вілейскім вадасховішчы супрацоўнікі вілейскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Адзін з іх, жыхар Вілейкі, лавіў рыбу сеткамі – забароненымі прыладамі. Справа перададзеная ў суд. Рыбака чакае штраф ад 10 да 50 базавых велічыняў – ад 350 тысяч да 1 мільёна 750 тысяч рублёў.

Два мінчаніны для лоўлі рыбы карысталіся лодкамі з бензінавымі маторамі, што, па словах начальніка міжраённай інспекцыі Віктара Івашанкі, забаронена рашэннем Вілейскага райвыканкама, паколькі вадасховішча ўваходзіць у сістэму забеспячэння Мінска пітной вадой. Матэрыялы гэтай справы пакуль што знаходзяцца ў вілейскай міжраённай інспекцыі. Сталічным рыбакам таксама пагражае штраф.

Святлана ЦІШКО.