Купалле – старажытнае земляробчае свята, пад розным назвамі вядомае ўсім еўрапейскім народам. Калі галоўным святам зімы ў сялянскім жыцці былі Каляды, то адпаведным па значнасці ўлетку з’яўлялася Купалле.

У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркаванае да дня летняга сонцастаяння, калі дасягала найбольшага росквіту прырода, асабліва, што важна для земляроба, расліннасць і збажына. Напэўна, няма іншага свята, такога маляўнічага, абстаўленага столькімі паэтычнымі апавяданнямі і міфамі, абрадамі і варажбой.

Гэты рысунак у лепшай якасці.

Купалле – язычніцкае свята ў гонар летняга сонцастаяння, найвышэйшага росквіту прыроды і ўшанавання вады. Адзначаецца ў ноч з 23 на 24 чэрвеня ў каталікоў і з 6 на 7 ліпеня ў праваслаўных беларусаў.

Ад Каляд і да Купалля сонца ўвесь час было ў стадыі ўзыходжання: павялічваўся дзень, сагравалася зямля, адраджалася прырода. У дні летняга сонцастаяння ўсё гэта дасягала свайго найвышэйшага апагея.

Да купальскай ночы рыхтаваліся з самай раніцы. Жанчыны ішлі на луг збіраць зёлкі, якія ў гэты дзень набываюць асаблівую лекавую моц. Дзяўчаты рвалі для вянкоў кветкі з розных палёў, часцей каля суседніх вёсак, каб заманіць адтуль, па народным павер’і, жаніхоў. Некаторыя кветкі і зёлкі, якія мелі ахоўнае значэнне, людзі ўторквалі ў сцены хат, хлявоў. Лічылася, што многія расліны валодаюць магічнай, прыварожваючай сілай. Дзяўчаты называлі іх “прываротным зеллем” і ўпляталі ў вянкі, аздаблялі вопратку, каб прыцягнуць да сябе жаніхоў. Спляталі вянкі для варажбы на плыні ракі.

Галоўным у абрадах і гульнях было купальскае вогнішча, якое рыхтавалі хлопцы. Пад вечар на месцы правядзення свята, часцей каля рэчкі ці возера, яны ўкопвалі ў зямлю слуп, на вяршыні якога мацавалі з’езджанае драўлянае кола.

Ад яго ўніз да слупа ішла прамасленая вяроўка ці скрутак з саломы. З двароў зносілі старыя непатрэбныя рэчы, аджыўшыя свой век абутак і вопратку, яшчэ ссохлыя бярозкі, якімі ўпрыгожвалі сядзібу на Сёмуху, імі, пазней, акурвалі дзяцей і хворых. Усё гэта звальвалі пад слуп.

Купальскія агні лічыліся ўвасабленнем сонца і былі надзеленыя сілай даваць добры ўраджай і праганяць смерць. У старажытнасці  купальскі агонь запальвалі шляхам трэння кавалкаў дрэва. Такі агонь называлі свяшчэнным, а здабыванне яго суправаджалася рознымі магічнымі абрадамі.

Як толькі сонца хавалася за лесам, хлопцы запальвалі сухія бярозкі, ад іх па вяроўцы, намотанай на слуп, агонь дабіраўся да кола, якое ў гэту кароткую ноч лічылася сонцам на зямлі. Раней на агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, бліны, ячменную кашу. Полымя купальскага агню надзялялася ачышчальнай сілай ад злых духаў, на ім прасушвалі сарочкі хворых, да яго падносілі дзяцей, якія занядужалі. У агонь кідалі ў якасці ахвяры пучкі лёну ці жыта са словамі-заклінаннямі: “Зарадзі лён” або “Зарадзі жыта”. Моладзь спявала купальскія абрадавыя песні, вадзіла карагоды. Пачыналася варажба на жаніхоў. Па пушчаных папарна на плынь ракі вянках сачылі, сыдуцца ці расплывуцца ў розныя бакі, чый вянок паплыве далей, чый прыстане да берага або патоне.

Купальская ноч лічылася ноччу цудаў. Па народных павер’ях, азёры і рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы. Апоўначы моладзь бегла ў лес, абавязкова ў такі гушчар, куды не мог пранікнуць спеў пеўня, якога, на думку сялян, моцна баялася ўсялякая нечысць, каб знайсці папараць-кветку. На Купалле на яе сыходзіць агонь Перуна, яна ўспыхвае яскравым цветам, квітнее некалькі імгненняў і трэба паспець ухапіць яе: “Хто гэту кветку здабудзе, будзе мець усё, чаго толькі душа пажадае”. Закапаныя скарбы, што ахоўваюцца нячысцікамі, якія ў гэту ноч “выходзяць” на паверхню прасушыцца, даюцца ў рукі толькі ўладальніку папараць-кветкі.

Абавязковым момантам была расправа над саламяным пудзілам, так званай Марай, якая ўвасабляла сабою зіму і смерць. Яго палілі, тапілі ў рацэ або і тое і другое.

Пад раніцу хлопцы і дзяўчаты купаліся ў рацэ. Вада ў гэту ноч, па паданні, валодае магутнай жыватворнай і пладаноснай сілай, робіць дзяўчат прыгожымі, хлопцаў дужымі. Затым усе сустракалі ўсход сонца, падымаючыся, яно “купаецца”, раздзяляецца на шматлікія рознакаляровыя кругі, якія то сыходзяцца, то разыходзяцца, ствараючы пры гэтым чароўную гульню колераў.

У часы майго дзяцінства наша вуліца мела сваё вогнішча і ўсё адбывалася амаль што таксама, толькі замест кола ад калёс вешалі зношаную пакрышку ад грузавіка, дрывамі былі загадзя намі нацяганыя і высушаныя камлі дуба, якімі было ўсланае дно Віліі. Святкавалі на супрацьлеглым беразе ракі (там нас не маглі дастаць), бо ўлада забараняла святкаваць Купалле і наогул усе святы, аб якіх гаварылася на старонках нашай школкі раней.

Дзядзька КАПЦЮГ, Вілейка.