Назва мястэчка Немянчын узялася ад рачулкі Немянчы, назву якой у сваю чаргу выводзяць з летувіскай мовы. Такім чынам Немянча – гэта словазлучэнне выразу “не мана” – якое азначае ‘не маё’ і слова “чынай” – якое азначае ‘тут’. Спалучэнне перакладаецца як ‘не маё’, альбо ‘чужое’.

У сваю чаргу даследчыкі, абапіраючыся на такую інтэрпрэтацыю, мяркуюць, што рачулка была мяжою паміж старажытнымі княствамі. Іх меркаванне падмацоўвае старое гарадзішча з 1-4 ст., якое знаходзіцца ў 1,5 км. на поўнач ад Немянчына.

 

3. Месца першай сустрэчы вандроўнікаў на тэрыторыі Літвы з карэспандэнтамі “Рэгіянальнай газеты” ля мястэчка Буйвіды (Буйвідзы, Буйвіджай).

4. Месца другой сустрэчы вандроўнікаў на тэрыторыі Літвы з карэспандэнтамі “Рэгіянальнай газеты”. Сядзіба “Баран-Рапа”. Да Немянчына некалькі гадзін па вадзяной паверхні. Першая начоўка ў Літве.

5. Месца другой начоўкі экспедыцыі на тэрыторыі Немянчынскага лясніцтва.

 

Касцёл Святога Міхала Арханёла – адна са славутасцяў Віленшчыны.

 

Від на мост праз Вяллю з вуліцы Свянцянскай.

 

Вуліца Касцельная.

 

Масток праз рачулку Няменча – прыток Вяллі. Вуліца Касцельная.

 

“Нярыс” – пашыраная назва на літоўскім Павіллі. Як у нас “Вілія”. Так па-літоўску завецца Вялля. Тут гэта шыльда на кааператыўнай прадуктовай краме.

 

Польска-літоўскае дзвюхмоў на шыльдах Немянчына. Вуліца Свянцянская.

 

Польска-літоўскае дзвюхмоў на шыльдах Немянчына. Вуліца Касцельная.

 

Польска-літоўскае дзвюхмоў на шыльдах Немянчына. Бібліятэка самакіравання Віленскага раёна ў Немянчыне.

 

Мястэчка ляжыць на правым беразе ракі Вілія ў месцы яе сутоку з рачулкай Немянчай. Цяпер гэта цэнтр Немянчынскага стараства і Немянчынскага гарадскога стараства. У Немянчыне, нягледзячы на яго малыя памеры, жыве каля 6 тыс. чалавек, ёсць там нават музычная школа ды фабрыка мэблі.

Гарадок можа пахваліцца захаваным у дасканалым стане касцёлам Святога Міхала Арханёла, які быў нанова пабудаваны ў 1848-1855 гадах, бо папярэдні будынак згарэў падчас страшнага пажару, які спаліў амаль увесь гарадок.

Адбудова была магчымая дзякуючы Аляксандру Парчэўскаму, сыну ўладальніка навакольнага маёнтку Чырвоны двор, а аўтарам праекту касцёла быў Язэп Мацкевіч.

Наведвальнікі могуць убачыць там копію Перамянення Панскага Рафаэля аўтарства Ружы Парчэўскай, дачкі ўладальніка. Акрамя таго можна там убачыць Маці Божую аўтарства Сымона Чаховіча (левы бакавы алтар) ды арганы, якія былі прывезеныя з Віленскай катэдры.

Род Парчэўскіх, дзякуючы якім быў адноўлены касцёл, заслугоўвае дадатковай увагі. Захаваліся рэшткі маёнтку Чырвоны двор у ваколіцах мястэчка, апошнімі ўладальнікамі якога быў род Парчэўскіх. Адна з галінак гэтага роду яшчэ ў 16 ст. пераехала з Польскага Каралеўства на землі ВКЛ. Гэта быў стары польскі род гербу Налэнч. У 1801 годзе уладальнікам палацу стаў падпалкоўнік Ігнацы Парчэўскі. У 19 ст. двор цешыўся тым, што меў уласны млын ды бровар Парчэўскіх, які вырабляў вялікую колькасць напояў. Напоі, сярод якіх было піва тыпу “ангельскае” ды портэр, пастаўляліся ня толькі ў чатыры навакольныя карчмы, але і ў Вільню ды іншыя губэрні – Гарадзенскую, Троцкую і нават Кіеўскую.

Дзякуючы “чырвонаму двару, уся ваколіца Немянчына проста кіпела гандлем.

Вось як апісваліся корчмы тагачасным падарожнікам: Першая карчма званая Чырвонай месцілася на Браслаўскім гасцінцы, была крытая гонтай, інакш кажучы, дранкай, мела печку, адзін пакой для гасцей ды шынок.

Другая карчма, званая Каркліне, таксама была крытая дранкаю і стаяла на тым жа Браслаўскім гасцінцы, мела печку і шынок, і ўжо два гасцявыя пакоі.

Трэцяя, якая называлася Люцяны і належала мясцоваму габрэю Янкелю Шлямовічу, была настолькі знішчаная, што гасцей ужо не прымала, а гандлявала толькі гарэлкай.

Чацьвёртая званая Пакранле месцілася на Падкрыскім гасцінцы, мела і шынок, і гасцінны пакой, а да таго ж была пакрытая новай гонтаю.

Вось так выглядала справа ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Вядома, што Першая Сусветная вайна паўсюль пакінула свой след ды некарысна адбілася на стане архітэктуры, аднак яна не прынесла на Віленшчыну столькі знішчэнняў, колькі прынесла Чырвоная Армія ў 1939 годзе. Дарэчы, у 1931 годзе Чырвоны двор быў адноўлены ды рэканструяваны. Адноўленая былі ня толькі будынкі, але і Краявідны парк, які акружаў маёнтак, што зрабіла Чырвоны Двор адным з найцудоўнейшых гістарычных помнікаў наваколля.

Чырвонаармейцы пры актыўнай падтрымцы камандзіраў помсціліся на “польскіх” палацах. Чырвонаму двару яшчэ пашчасціла – яго толькі абрабавалі.

Зараз будынак не можа пахваліцца ідэальным станам. Знакамітага бровару ўжо няма, палац жа захаваў толькі вонкавую красу (добра, што хоць дах сякі-такі застаўся), а то будынак цалкам бы знішчыўся.

Ваколіцы Немянчына маюць яшчэ адзін аб’ект, якім могуць пахваліцца. Гэта Луцыянская пячора, з-пад якой выцякае крыніца. Гэта вельмі цікавы геаграфічны ды гістарычны аб’ект. Пячора месціцца ў скале ля вёскі Луцыяны. Раней там было паганскае капішча, і людзі прыносілі туды сімвалічныя ахвяры – кавалкі керамікі ды манеты.

Пазней пячора стала Святым месцам для хрысціянаў і ў ахвяру пачалі туды прыносіць маленькія драўляныя крыжыкі. Акрамя таго, паданні гавораць, што вада з крыніцы мае аздараўленчую моц, і здараліся прыклады цудоўнага аздараўлення. Вось такія яны прыцягальныя ваколіцы “нічыёй зямлі”.

Паводле Уладзіміра Міхневіча, Польскае радыё для замежжа.

Фота Аляксандра Манцэвіча.

Чытайце таксама:

Маладыя ўдзельнікі падарожжа па Вяллі

Падарожнікі па Вяллі – у Літве (папаўняецца)

Дзённік экспедыцыі шляхам Тышкевіча

Што цячэ ў Вілію з трубы каля Рыбакоў?

У Вілію ўпадаюць прамысловыя сцёкі

Начны кінапаказ фільма аб Вяллі