Фальклорны народны калектыў “Гасцінец” Ракаўскага дома культуры 17 чэрвеня паспяхова здаў экзамен на званне “заслужаны”. Цяпер мы чакаем рашэння Калегіі Міністэрства культуры аб прысуджэнні звання.

У чацвер, 17 чэрвеня, на экзамене ў актавай зале Ракаўскай агульнаадукацыйнай школы “Гасцінец” наладзіў творчую імпрэзу, якая хоць і доўжылася паўгадзіны, але была дасыць разнастайнай.

Фальклорны народны калектыў “Гасцінец” — пераможца тэлевізійнага рэспубліканскага фестывалю “Песні маёй краіны”.

Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” расказаў начальнік аддзела культуры Валожынскага райвыканкама Вікенці Адамовіч. Паводле яго слоў, у гэты дзень у Ракаве сабраліся прадстаўнікі Міністэрства культуры, універсітэта культуры, выкладчыкі вакалу і харэаграфіі са сталіцы, тэатралы.

Падчас абмеркавання гучалі думкі кшталту: “Гасцінец” выконвае традыцыйны фальклор, і можа не варта яму даваць званне “заслужаны”, няхай застаецца “народным”. Але гасцей-экспертаў мы пераканалі, што “Гасцінец” дастойны высокага звання, і ў выніку ўсе прагаласавалі за прысуджэнне звання.

“Гэта не толькі вялікі гонар для нашага раёна, для аддзела культуры, для самога калектыву, але гэта яшчэ і вялікая адказнасць, – кажа Вікенці Адамовіч. – Мала заваяваць званне. Трэба ўтрымацца на высокім узроўні і ўвесь час падтрымліваць яго. Але я веру: у кіраўніка “Гасцінца” Лізаветы Пятроўскай усё атрымаецца. Амаль 13 гадоў яна кіруе калектывам, і за гэты час ён шмат чаго дасягнуў”.

Гран-пры на фестывале сямейнай творчасці ў Мурманску, Гран-пры на фестывалі “Песні памежжа” ў Астраўцы, Гран-пры на тэлевізійным конкурсе “Песні роднай краіны”, гастролі ў Германіі і Польшчы – усё гэта на рахунку “Гасцінца”.

Склад калектыву дастаткова разнастайны. Тут не толькі творчыя работнікі культуры, але і выхавальнікі дзіцячага садка, настаўнікі сярэдняй школы і нават банкаўскія работнікі. Па словах Вікенція Адамовіча, для ўдзельнікаў калектыву галоўная ўзнагарода за свае выступленні – апладысменты гледачоў, іх любоў, удзячнасць і радасць ад выступлення “Гасцінца”.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота з архіва аддзела культуры Валожынскага райвыканкама.