Нашы ў 11 туры атрымалі другую сёлета буйную перамогу.

На сваім стадыёне 19 чэрвеня футбалісты “Смаргоні” забілі ў вароты рэчыцкага “Ведрыча-97” тры безадказныя галы. Гэта была другая ў чэмпіянаце буйная перамога нашых землякоў. У першай мы былі мацнейшыя ў гасцях за “Славію-Мазыр” – 4:0.

Пра гульню расказаў у інтэрв’ю “РГ” наш футбольны эксперт, балельшчык Мікалай Кіндра: “З аднаго боку, перамога, канешне, парадавала, а з іншага – у другім тайме пры ліку 1:0 гульня праходзіла большасцю на нашай палове поля, і балельшчыкам было трывожна і сумна. Хацелася, каб матч хутчэй скончыўся”.

Па словах Мікалая Кіндры, гаспадары адкрылі лік на 23 хвіліне. Пасля падачы справа вуглавога, вышэй за ўсіх выскачыў наш абаронца Васіль Тагіль. Галавой ён накіраваў мяч у вароты – 1:0. Пасля была роўная гульня. Нашым не ўдавалася кантраляваць мяч, было шмат браку ў перадачах, часта гулялі проста на адбой.

Першы гол у матчы з “Ведрычам-97” 19 чэрвеня забіў абаронца “Смаргоні” Васіль Тагіль.

У другой палове матча дождж, які ішоў у першым тайме, ператварыўся ў лівень. З абодвух бакоў было шмат прэтэнзій да арбітра. І гаспадары, і госці шмат наракалі на яго дзеянні. Арбітр страціў кантроль над гульнёй, яна была рэзкая, футбалісты штурхаліся, высвятлялі адносіны, хаця да сур’ёзных канфліктаў справа не даходзіла.

А “Ведрыч” працягваў атакаваць, мяч часта гасціў на палове поля смаргонцаў. Трэба было нешта тэрмінова мяняць у гульні, і наш галоўны трэнер Генадзь Мардас справіўся з гэтай задачай.

Ён правёў чатыры замены. Падчас адной з іх, на 58 хвіліне, на поле выйшаў паўабаронца Андрэй Урупін. Ён і пахаваў спробы футбалістаў “Ведрыча” даціснуць гаспадароў. На 82 хвіліне партнёры вывелі Андрэя на перспектыўную пазіцыю, ён удала прайшоў паміж абаронцаў, абыграў варатара і забіў другі мяч у сустрэчы – 2:0.

Кропка ў гульні была пастаўленая на 88 хвіліне. Той жа Урупін атрымаў мяч у штрафной пляцоўцы і нанёс свой другі дакладны ўдар – 3:0.

Лепшым футбалістам у складзе гаспадароў быў прызнаны варатар Валеры Макарэвіч, які, па словах Мікалая Кіндры, мінімум тройчы выручыў сваю каманду. Пасля ўдараў з блізкай адлегласці і ва ўпор Макарэвіч паказваў цуды варатарскай рэакцыі. Дарэчы, і Валеры Макарэвіч, і Андрэй Урупін уключаныя ў сімвалічную зборную тура па версіі газеты “Всё о футболе”.

Наступны тур абяцае цяжкае падарожжа ў Гомель у нядзелю, 27 чэрвеня. Гамяльчане ўпэўнена ўзначальваюць турунірную табліцу, пацярпеўшы пакуль толькі адно паражэнне ад землякоў з клуба ДСК з лікам 2:0.

“Нічога страшнага, трэба будзе прытрымаць лідэраў, збіць з іх фанабэрыю. Будзем спадзявацца, у нас гэта атрымаецца”, – сказаў Мікалай Кіндра.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Турнірная табліца пасля 11 тураў:

1.          Гомель         28

2.          СКВІЧ          21

3.          Граніт          21

4.          Хімік            18

5.          Белкард       17

6.          Хваля           17

7.          ДСК              17

8.          Верас            16

9.          Рудзенск        16

10.        Смаргонь            15

11.        Баранавічы     14

12.        Полацк           12

13.        Славія-Мазыр    8

14.        Ведрыч-97        7

15.        Ліда                 6

16.        Камунальнік     5