Першыя экземпляры электрапагрузчыкаў і электравазка выпусціла маладзечанскае прадпрыемства “Амкадор-Унікаб”. Прэзентацыя новай прадукцыі адбылася 23 чэрвеня.
Да гэтага “Амкадор-Унікаб” вырабляў толькі кабіны для тэхнікі, краты, вугалкі і іншыя металічныя вырабы. Цяпер яно стане адзіным прадпрыемствам у Беларусі, якое выпускае электрапагрузчыкі і электравазкі (электрацялежкі). Ліцэнзійная дамова на іх вытворчасць падпісаная з балгарскай фірмай “Дзімекс” на пяць гадоў. Затым тэхналогія пяройдзе ва ўласнасць “Амкадор-Унікаба”. Пакуль што камплектуючыя паступаюць з-за мяжы. Але, як адзначылі ў інтэрв’ю “РГ” і намеснік дырэктара “Амкадор-Унікаба” Васіль Мацейчык, і кіраўнік “Дзімекса” Дзмітры Дзімітраў, плануецца, што з цягам часу маладзечанскае прадпрыемства асвоіць выраб асноўных вузлоў і дэталяў.

Магчымасці новай тэхнікі падчас прэзентацыі дэманстраваў тэхнічны дырэктар “Дзімекса” Ангел Дзінчаў.

Намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Наталля Нікіценка і кіраўнік балгарскай фірмы “Дзімекс” Дзмітры Дзімітраў.

Магчымасці новай тэхнікі падчас прэзентацыі дэманстраваў тэхнічны дырэктар “Дзімекса” Ангел Дзінчаў. Седзячы за рулём, ён выпісваў на невялікіх машынах неверагодныя піруэты — тэхніка вельмі манеўраная. Напрыклад, радыус павароту электрапагрузчыка – два метры. Новенькія, бліскучыя, машыны выглядаюць, як цацачныя. Але гэта падманлівае ўражанне – нягледзячы на невялікія памеры, яны даволі магутныя: грузападымальнасць электрапагрузчыка Е-16 – 1,6 тоны, электравазка – 3 тоны. З такой прадукцыяй прадпрыемства, па словах Васіля Мацейчыка, плануе выйсці не толькі на беларускі, але і на расійскі рынак. З цягам часу, магчыма, нават  будзе прадаваць яе ў краіны СНД.

Па словах дырэктара “Амкадор-Унікаба” Аляксея Васільева, прадпрыемства плануе пашырыць мадэльны рад: гэта будуць не толькі электра-, але і аўтапагрузчыкі грузападымальнасцю ад адной да сямі тон. Аб’ём вытворчасці, паводле бізнэс-плана, — 1000 машын у год.

Наталля Нікіценка, намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама па эканоміцы, фінансах і прамысловасці, якой нечакана для яе прапанавалі пасядзець за рулем, з кіраваннем электрапагрузчыкам справілася. “Машына цудоўная – вельмі лёгкая ў кіраванні”, — падзялілася яна ў інтэрв’ю “РГ” сваімі ўражаннямі.

Святлана ЦІШКО.

Фота аўтара.

Магчымасці новай тэхнікі падчас прэзентацыі дэманстраваў тэхнічны дырэктар фірмы “Дзімекс” Ангел Дзінчаў.