Ліпень 1936 года. Дзяўчаты з вёсак Уздрыгалавічы, Лёткі, Пруднікі, Субачы, Курчына закончылі курсы кройкі і шыцця і вырашылі сфатаграфавацца на памяць.

Выпускніцы курсаў кройкі і шыцця 1936-1937 года, што былі арганізаваныя ў вёсцы Уздрыгалавічы Мядзельскага раёна. Захавала яго Эвеліна Клентак (на фота ў першым радзе чацвёртая злева).

Маладзенькія, прыгожыя, усе яны з сур’ёзным выглядам твару пазіраюць на фатографа. З аднаго боку падзея – набылі спецыяльнасць. З іншага – можа яно крышку і страшна. Паспрабуй выканай у час заказ, дагадзі кліенту.

Спецыяльна да гэтага дня выпускніцы курсаў апрануліся ў святочнае адзенне. Усе ў прыгожых строгіх сукенках з белымі каўнерыкамі. У адных дзяўчат яны карункавыя, зробленыя, хутчэй за ўсё, сваімі рукамі. У другіх – шаўковыя, альбо кругленькія атласныя.

У самым цэнтры фотаздымка ў жакетах сядзяць, напэўна, дзве іх кіраўніцы. Адразу бачна, што яны старэйшыя за сваіх вучаніц. Хаця, калі добра прыгледзецца, то навучэнкі таксама не аднагодкі. Будучым краўчыхам і швачкам, што сядзяць у першым радзе, дасі гадоў па пятнаццаць, шаснаццаць. А вось дзяўчатам, што стаяць вышэй, дзесьці па 20.

Побач з дзяўчатамі стаяць хлопцы з моладзевай арганізацыі “Стшэльцы”. Ну, не змаглі яны прапусціць рэдкае ўрачыстае мерапрыемства, і таму сціпла прыстроіліся на фота па баках і адзаду. Усе яны яшчэ не ведаюць, што зусім хутка скончыцца іх шчаслівае юнацтва. І пачнецца выпрабаванне рэпрэсіямі, вайной, голадам і холадам.

Фота, якому ўжо больш за 70 гадоў, захоўваецца ў сямейным альбоме жыхаркі вёскі Уздрыгалавічы Эвеліны Клентак. Дарэчы,  да 1939 года населены пункт насіў назву “Варшава” і быў вельмі знакаміты, багаты і ўплывовы. Тут размяшчалася шмат розных цэнтральных органаў і арганізацый польскай улады. І, каб вырашыць якое-небудзь пытанне, людзі ехалі і ішлі ў мястэчка з усіх навакольных вёсак.

Сама Эвеліна Клентак (на фота ў першым радзе чацвёртая злева), нягледзячы на тое, што прайшло багата часу, памятае сваіх сябровак па курсах, эпізоды іх тагачаснага нялёгкага жыцця. Вось толькі некалькі.

Калі ў 1939 годзе прыйшло доўгачаканае “вызваленне”, кожны, хто працаваў або вучыўся ў польскіх установах, лічыўся “контррэвалюцыйным элементам”.

У жорнах такой бязлітаснай палітыкі новай улады апынулася сям’я сяброўкі і аднавяскоўкі Эвеліны Францаўны – Ядвігі Мажэйкі (на фота ў першым радзе другая справа). Толькі за тое, што яе бацька быў вайскоўцам польскай арміі (армія Краёва), іх сям’ю вывезлі ў Сібір, а бацьку расстралялі ў вядомай сёння ўсім Катыні. У сямейным архіве Эвеліны Клентак па сённяшні дзень захоўваецца пісьмо сяброўкі з Сібіры, дзе яна апісвае сваё цяжкае жыццё і звяртаецца з просьбай выслаць харчовую пасылку і цёплую адзежу.

Такі ж лёс напаткаў і другую Ядвігу, толькі з прозвішчам Альковіч. У халоднай сібірскай зямлі засталася сяброўка навечна.

Да самой Эвеліны лёс быў літасцівы . Атрымаўшы па ўсіх прадметах на выпускных экзаменах выдатна, а іх прымаў сам ваявода з Вілейкі, яна стала працаваць краўчыхай. Работа гэта асаблівая. Яна патрабуе шмат уседлівасці, уважлівасці, цярплівасці, майстэрства. Усё гэта было 17-гадовай дзяўчыне па сілах. Яшчэ ў час вучобы на курсах яна дасягнула пэўных вышынь. Работы дзяўчыны выстаўляліся на конкурсах, мадэлі, якія прыдумвала, падабаліся заказчыкам.

Прыгожыя і модныя паліто, сукенкі яна шыла нават для супрацоўнікаў вядомых дзяржаўных устаноў, настаўнікаў, дактароў з мястэчка Крывічы. Кожны, хто ішоў да яе з заказам, ведаў, што ў гэтай майстрыхі вельмі добры густ. І фасон сукенкі альбо паліто, што яна пашые, абавязкова будзе арыгінальны.

З асаблівым пачуццём успамінае Эвеліна Клентак сваю працу ў Крывіцкім прамкамбінаце. Высокія арганізатарскія якасці, добрасумленныя адносіны да даручанай справы і высокі прафесіяналізм дапамаглі ёй вырасці да брыгадзіра швейнага цэха. Брыгада, якую ўзначальвала гэта жанчына, заўсёды была лепшай і заўсёды займала прызавыя месцы ў спаборніцтве, а фота яе брыгадзіра не сыходзіла з Дошкі гонару. Цікавы факт: калі ў брыгадзе па нейкіх прычынах хтосьці не выходзіў на работу, то норму гэтага чалавека швачкі дзялілі на ўсю брыгаду. Так падтрымліваўся яе аўтарытэт і выконваўся прынцып: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!

Мечыслаў СТАНКЕВІЧ, Марына СЛІЖ.