Удар Лужынскага не выцягнеш пад’ёмным кранам.

Левы паўабаронца “Маладзечна” Міхаіл Лужынскі ў “палёце” ў гульні з “Асіповічамі”. Два галы Міша забіў гэтай камандзе. І адзіны, пераможны гол, – гамяльчанам.

На 50 хвіліне гульні ДСК-2 – “Маладзечна” пасля правай флангавай перадачы Віталя Макрыцкага гол у вароты гамяльчан галавой забіў Міхаіл Лужынскі.

“Вялікі дзякуй хлопцам, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” трэнер маладзечанцаў Віталь Казяк, – згуляць на выездзе ў спякоту дзве гульні і абедзве выйграць – трэба мець байцовыя якасці”.

У чацвер нашы з лікам 4:1 у 1/32 фінала кубка Беларусі перамаглі ў Магілёве “Тэхнолаг”, у нядзелю ў дванаццатым туры чэмпіянату Беларусі другой лігі ў Гомелі былі мацнейшыя за ДСК-2 – 1:0.

“Пасля гульні наш правы паўабаронца Віталь Макрыцкі сказаў, што не чуе ні рук, ні ног, – кажа Віталь Казяк. – І сапраўды, увесь цяжар у матчы лёг менавіта на нашых вопытных футбалістаў. Па розных прычынах не паехалі ў Гомель маладыя Улад Касцюк, Ігар Талькоўскі, Паша Суман, Рома Вінцукоўскі. Але нашы ветэраны не падвялі. Мы выйгралі на класе”.

Па словах трэнера, у першым тайме моманты забіць мелі Вышынскі, Грыхуцік, Лужынскі, Макрыцкі. Але на перапынак каманды пайшлі з пачатковымі нулямі на табло.

Другі тайм пачаўся нашымі атакамі, і праз пяць хвілін пасля яго пачатку прыгожую флангавую камбінацыю пасля навесу Макрыцкага ў гол увасобіў Міша Лужынскі. Гэта быў пяты гол за тры гульні нашага левага паўабаронцы. Палачкай-выручалачкай каманды назваў Мішу Віталь Казяк:

– Лужынскі не пакінуў аніякіх шансаў варатару гамяльчан. Такія ўдары не выцягнеш нават пад’ёмным кранам. Лік 1:0 канешне, вельмі “слізкі”, і да канца сустрэчы мы баяліся прапусціць. Але дзякуючы самааддачы хлопцаў і ўпэўненай гульні варатара Антона Шчэрбы мы не страцілі ачкі, якія не мелі права страчваць, – падсумаваў Віталь Казяк.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота з архіва Сяргея ЗЯНЬКО.

Турнірная табліца пасля 12 тураў:*

1. Гарадзея            31

2. Клечаск              29

3. Слуцкцукар        27

4. Нёман                21

5. Маладзечна         20

6. Гомельчыгунтранс  17

7. Асіповічы           17

8. Орша                15

9. Бяроза-2010      15

10. Спартак          14

11. Жлобін            14

12. Белтрансгаз     14

13. Вертыкаль       13

14. Вігвам             13

15. Гомель-2         11

16. Зорка-БДУ       11

17. Лівадзія            9

18. ДСК-2              3

* “Гомельчыгунтранс” і “Зорка-БДУ” правялі на адну гульню менш.