На закрыццё духоўна-асветніцкай акцыі “Сям’я – Адзінства – Айчына” 27 чэрвеня ў Палац культуры прыйшлі самыя розныя людзі: і мужчыны, і пажылыя жанчыны ў хустках, і маленькія дзеці.

У другім радзе сядзела маладая дзяўчына ў чорным адзенні, з фенечкамі на запясці і з малюнкам на скулах і руках – чорная пяціканцовая зорка і іншыя сімвалы.

Дзеці хутка стаміліся, затое дарослыя былі ў захапленні – у Маладзечна прыехаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён узначаліў літургію ў царкве Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы, што на плошчы Старое Места.

Хрэсны ход ад царквы Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы да Палаца культуры.

Астудзіць ногі пасля хрэснага ходу ў траве.

Пасля набажэнства вернікі і святары прайшлі хрэсным ходам ад царквы да Палаца культуры, дзе адбылося закрыццё акцыі і святочны канцэрт.

На закрыццё акцыі “Сям’я – Адзінства – Айчына” 27 чэрвеня ў Маладзечна прыехаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт на закрыцці акцыі “Сям’я – Адзінства – Айчына” 27 чэрвеня падарыў Мінскай вобласці экзэмпляр факсімільнага выдання Слуцкага Евангелля. Старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура перадаў Патрыяршаму Экзарху рэпрынтнае выданне Елісавецінскага Евангелля.

На ўрачыстым закрыцці Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт звярнуўся да прысутных з вітальным словам. “Яднанне народа адбываецца па тых жа законах, паводле якіх прыходзяць да адзінства любові і міру члены адной сям’і. Таму кожны з нас можа знайсці адказ на пытанне аб тым, у якім стане справы нашага грамадства, калі задасць сабе самому пытанне, у якім стане справы ў яго ўласнай сям’і”, – адзначыў ён. “Са святам!” – сваё выступленне Патрыяршы Экзарх завяршыў па-беларуску. Напрыканцы імпрэзы ён падарыў Мінскай вобласці экзэмпляр факсімільнага выдання Слуцкага Евангелля.

Ад цывільнай улады прысутных павіншаваў старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура, які ў сваю чаргу перадаў Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту рэпрынтнае выданне Елісавецінскага Евангелля.

На двух дзяржаўных мовах выступаў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Леанід Гуляка: пачаўшы гаварыць па-руску, пасля цытаты з Янкі Купалы ён нязмушана перайшоў на беларускую мову.

Канцэртную праграму забяспечылі артысты і калектывы з Маладзечна і іншых населеных пунктаў Мінскай вобласці. Некалькі песень выканаў кампазітар Алег Елісеенкаў.

На выставе-продажы людзі цікавіліся кнігамі, дыскамі і крыжыкамі.

Акцыя “Сям’я – Адзінства – Айчына” доўжылася больш за два месяцы – 21 красавіка яе распачаў дабрачынны канцэрт “Шлях да Храма”. У маі-чэрвені ў горадзе і раёне адбыліся канцэрты, сустрэчы і круглыя сталы, на якіх абмяркоўваліся праблемы сучаснага грамадства і сям’і, магчымыя шляхі іх вырашэння.

Каля тыдня на Цэнтральнай плошчы працавала выстава-продаж кніг, дыскаў і касет з аўдыё- і відэазапісамі адпаведнай тэматыкі.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.

Фрагмент выступлення маладзечанскага гурта “Менестрэлі”.