Упершыню за апошнія 30 гадоў каманда маладзечанскіх баскетбалістаў перамагла ў фінале рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў.

У спаборніцтвах, якія прайшлі 19-25 чэрвеня ў Магілёве, удзельнічалі каманды хлопцаў 1995 года нараджэння і маладзейшых, што перамаглі ў адборачных абласных турах. Каманда Мінскай вобласці складалася з 10 маладзечанцаў і двух барысаўчан. Трэнеры – Анатоль Яфімаў і Уладзімір Клямяціч. Капітан – Сяргей Казлоў, вучань СШ №14 (Маладзечна). Ён жа прызнаны найлепшым цэнтравым гульцом турніру.

Сем каманд гулялі па кругавой сістэме. Маладзечанцы прайгралі толькі Гродненскай вобласці – 71:72. У астатніх матчах “прывозілі” сапернікам не менш за 20 ачкоў.

Перамагла каманда Мінскай вобласці. Другое месца занялі прадстаўнікі горада Мінска, трэцяе – Гродненскай вобласці.

“Шчыра кажучы, мы не чакалі такога поспеху, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” Уладзімір Клямяціч. – Ведаючы, у якіх умовах трэніруюцца нашы сапернікі, у якіх турнірах удзельнічаюць, думалі, што зоймем месца чацвертае-пятае. А вось да чаго дагуляліся”.

Самае важнае ў падрыхтоцы каманды, на яго думку, – улічыць псіхалогію дзяцей: “Гэта не так лёгка – настроіць дзяцей, каб яны не баяліся сапернікаў з гучнымі імёнамі. Але калі нашы хлопцы выйгралі дзве сустрэчы, у іх адразу змяніліся і настрой, і адносіны да гульні”.

“Гэта сапраўды вялікі поспех, – адзначыў у інтэрв’ю нашаму выданню начальнік сектара выхаваўчай і сацыяльнай работы аддзела адукацыі Маладзечанскага райвыканкама Анатоль Кацельнікаў. – У нас, у адрозненне ад сапернікаў, палацаў гульнёвых відаў спорту няма. Пляцоўкі, на якіх трэніруюцца нашы баскетбалісты, не зусім стандартныя. І пасля іх на адказных спаборніцтвах спартсменам вельмі цяжка настроіцца і адчуваць нармальную пляцоўку”.

Святлана ЦІШКО.