Парушэнні ў вытворчасці кілбас на прадпрыемстве “Валожынскі кааппрам” выявілі супрацоўнікі Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржкантролю. У кілбасны цэх дапускалася мясная сыравіна без ветэрынарных пасведчанняў.

Паводле праверкі, якую правялі кантралёры, службовыя асобы прадпрыемства не заўсёды добрасумленна сачылі за якасцю сыравіны, якая перапрацоўвалася і за якасцю выпускаемай прадукцыі.

Толькі за студзень гэтага года кілбасны цэх выпусціў і рэалізаваў прадпрыемствам гандлю прадукцыі, якая выраблялася з сыравіны без ветэрынарных пасведчанняў на агульную суму больш за 2 мільёны рублёў. Гэта – фарш “Фермерскі”, сырыя кілбаскі “Дамашнія”, сала салёнае, грудзінка “Каралінская”.

Кантралёры ўстанавілі: мяса, на якое не было дакументаў, што пацвярджаюць яго паходжанне і якасць, куплялі ў індывідуальнага прадпрымальніка ў Мінску.

Падчас праверкі выяўленыя таксама парушэнні тэхналагічнага працэсу на стадыі закладкі сыравіны і яе замена на іншую пры вытворчасці вараных кілбас, сасісак і сардэлек. У лютым кілбасны цэх з парушэннем рэцэптуры выпусціў пяць найменняў гатовых вырабаў у колькасці 1,4 тоны на агульную суму 10 мільёнаў 900 тысяч рублёў.

Правяраючы кілбасны і забойны цэхі, спецыялісты абласной і раённай санстанцый выявілі парушэнні санітарных нормаў і правілаў вытворчасці мяса і мясапрадуктаў, што адбіваецца на якасці прадукцыі.

Праверка ўстанавіла парушэнні заканадаўства ў вядзенні бухгалтарскага ўліку. Гэтыя парушэнні прывялі да таго, што інфармацыя аб фінансавым сіановішчы прадпрыемства, атрыманні даходаў і панесеных расходах аказалася няпоўнай і недакладнай.

Вінаватых ў парушэннях чакае адміністрацыйнае пакаранне.

Паводле прэс-рэліза Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржкантролю.