На фотаздымку ўсмешлівая жанчына ў акружэнні дзяцей. Гэта – выхавальніца дзіцячага садка № 5, што ў Маладзечне, разам са сваімі выхаванцамі.

На жаль, ні яе прозвішча, ні хаця б імёны каго-небудзь з дзяцей мы не ведаем. Але ёсць спадзяванне, што пасля таго, як здымак з’явіцца ў газеце, хтосьці пазнае на ім сябе альбо свайго брата, сястру ды, патэлефанаваўшы, раскажа што-небудзь цікавае.

Прынёс фотаздымак у рэдакцыю маладзечанец Аляксандр Салагуб. Кажа, што зроблены ён дзесьці ў 80-х гадах. У той час ён шмат фатаграфаваў, з задавальненнем шукаў цікавыя кадры на вуліцах і ва ўстановах горада.

На здымку, хутчэй за ўсё, пачатак лета ці канец вясны. Бачыце, у траве жаўцеюць дзьмухаўцы, а вакол буйна разраслася зеляніна. Дзеці, хаваючыся ад спякоты, панадзявалі капялюшыкі і хустачкі. Мне здаецца, што яны выйшлі на прагулку перад абедам. Падыхаць свежым паветрам, нагуляць апетыт.

Раніца ў гэты дзень была, напэўна, халодная. Перад тым, як весці дачок і сыноў  у дзіцячы садок, мамы апранулі ім кофты. А адзін хлопчык і наогул у вязанай шапцы. Можа, яго збіраў тата, ды не знайшоў летняй панамкі?

Гуртком сабраліся дзеці вакол сваёй выхавацелькі. Напэўна, каб паслухаць нешта цікавае. Можа, яна расказвае ім казку або якую-небудзь гісторыю. Хаця не выключана, што дзеці самі рассмяшылі выхавальніцу. Бачыце, як яна весела ўсміхаецца.

Злева бачны драўляны будынак дзіцячага сада, схаваны ў ценю дрэў. Ля самага ўваходу зробленая невялічкая клумба. Тэрыторыю, хутчэй за ўсё, не асфальтавалі: дарожка да ўваходу пясчаная. За спінамі дзяцей нейкае металічнае збудаванне. Адразу падумалася, што яны сядзяць на спартыўнай пляцоўцы, але карэспандэнт “РГ” Святлана Цішко сказала, што гэта проста металічная фігурка аленя. Некалі такія ставілі амаль ва ўсіх дзіцячых садках горада.

На мой погляд, гэты здымак не пастановачны. Зрабіў яго фатограф нечакана і для дзяцей, і для выхавальніцы. Напэўна, каб надаць яму жывасці і натуральнасці. Нейкім спакоем і пяшчотай вее ад яго. Здаецца, што прыслухаўшыся, можна пачуць, як у садзе пяюць птушкі, як у траве пстрыкаюць конікі і як смяюцца дзеці.

Будынак гэтага дзіцячага садка стаіць і цяпер. Ён практычна не змяніўся. Цяпер там Цэнтр мастацкай творчасці навучэнцаў.

Наталля ПЯКІНА.