Два мужчыны патанулі ў Віліі 2 і 3 ліпеня. У пятніцу 62-гадовы пенсіянер знік у рацэ каля Школьнага завулка, яго цела вылавілі вадалазы ў нядзелю ў Ніжнім парку. Цела 24-гадовага мужчыны, які не выплыў з Віліі ў суботу, на дзень 6 ліпеня пакуль не знайшлі.

Старшы памочнік пракурора Вілейскага раёна Таццяна Кажура расказала ў інтэрв’ю “РГ”: пенсіянер каля 15 гадзін пайшоў да ракі выгульваць сабаку. Праз некаторы час людзі заўваўжылі, як сабака бегае па беразе і скавыча. Паведамілі пра гэта жонцы пенсіянера і спыталіся: ці дома муж. Яна адказала, што няма…

Цела тапельца знайшлі і вылавілі з ракі вадалазы амаль праз двое сутак, у нядзелю, 4 ліпеня, каля 11 гадзін. Як сцвярджаюць знаёмыя загінулага, у мінулым ён быў спартсменам і добра плаваў. Што стала прычынай здарэння – сказаць цяжка.

У Дзень вызвалення Беларусі кампанія маладых людзей адпачывала на беразе Віліі ў Дубаўцы. Каля паловы другой дня адзін з іх пайшоў купацца. Апошні раз сябры яго бачылі на сярэдзіне ракі. Калі плывец знік з поля зроку, мужчыны адразу паведамілі ў міліцыю, выклікалі выратавальнікаў.

Аператыўныя вышукі плёну не далі, расказаў “РГ” намеснік начальніка райаддзела міліцыі Андрэй Дударчык. На момант напісання матэрыяла, 15 гадзін аўторка, 6 ліпеня, пошукі працягваліся.

Сяргей ЗЯНЬКО.