Сёлетняе цэнтралізаванае тэставанне завяршылася — сёння, 6 ліпеня, у Маладзечанскім дзяржаўным політэхнічным каледжы пачалі выдаваць сертыфікаты.

Да канца тыдня гэты дакумент можна будзе атрымаць з 8 да 20 гадзін штодня, акрамя нядзелі. У суботу – з 8 да 15 гадзін. Ад 12 ліпеня – з 8 да 17 гадзін.

У політэхнічным каледжы рыхтуюцца да выдачы сертыфікатаў.

Па словах Міхаіла Клокеля, дырэктара Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, дзе праходзілі тэставанне жыхары нашага рэгіёну, значная колькасць сертыфікатаў застануцца незапатрабаванымі. “Такая статыстыка мінулых гадоў – штогод ніхто не прыходзіць па 700-800 сертыфікатаў. Мы іх знішчаем, калі заканчваецца каляндарны год, 31 снежня. Абітурыенты, якім іх сертыфікат патрэбны, звяртаюцца на працягу 10 дзён. Праўда, некаторыя прыходзяць і ў лістападзе – на завочнае паступаюць ці на якую спецыяльнасць недабор”, — расказаў ён.

Не выдадуць сертыфікаты і тым 10 чалавекам, якія атрымалі “0” балаў. Як патлумачыў намеснік дырэктара каледжа Юры Якуновіч, гэта не значыць, што абітурыенты на абсалютна ўсе пытанні адказалі няправільна. Але ўсё адно колькасць правільных адказаў мізэрная.

Ёсць сярод абітурыентаў нашага рэгіёну і тры “100-бальнікі” — усе яны з Маладзечна. Найвышэйшыя балы атрымалі Арцём Казакевіч з СШ №2 (беларуская мова), Андрэй Вяль з гімназіі-каледжа (матэматыка), Віталь Абрамовіч з гімназіі №7 (гісторыя Беларусі).

Да 1 чэрвеня на маладзечанскім пункце ЦТ у політэхнічным каледжы на 14774 так званых “чалавека-тэстаў” было зарэгістравана 5430 абітурыентаў з усяго нашага рэгіёну – Маладзечна, Вілейкі, Смаргоні, Мядзела, Ашмянаў, Астраўца, Смаргоні і раёнаў. Не з’явіліся на экзамен 377 чалавек. Найбольш на матэматыку – 95 чалавек з 3516 зарэгістраваных: хто па важкай прычыне і здаваў экзамен у рэзервовы дзень, 5 ліпеня, а хто і проста перадумаў. Усе да аднаго прыйшлі толькі на геаграфію і французскую мову.

Самы высокі сярэдні бал у нашым рэгіёне – за экзамен па геаграфіі (44,7 бала), самы нізкі – за фізіку (19,1).

Усе абітурыенты, па словах Міхаіла Клокеля, былі дысцыплінаваныя – за парушэнне парадку з аўдыторыі нікога не выдалялі.

Святлана ЦІШКО.