Адразу на сёмае месца з адзінаццатага падняўся ў турнірнай табліцы футбольны клуб “Смаргонь” пасля дамашняй перамогі над пінскай “Хваляй”. У суботу, 13 ліпеня, у трынаццатым туры нашы выйгралі ў пінчан з лікам 3:1.

“Усе тры галы мы забілі ў першым тайме пасля выканання стандартных становішчаў, – расказаў у інтэрв’ю “РГ” галоўны трэнер смаргонцаў Генадзь Мардас. – Стандарты выконваў Васіль Глушанкоў. Двойчы вызначыўся Аляксандр Лужанкоў, трэці гол – на рахунку Васіля Тагіля”.

Па словах трэнера, лік быў адкрыты на 7 хвіліне гульні. З левага флангу Глушанкоў са штрафнога ўдару адправіў мяч у штрафную пляцоўку, варатар гасцей памыліўся, і Лужанкоў замкнуў перадачу – 1:0.

Другі гол Аляксандр забіў галавой пасля падачы вуглавога, які зноў жа выконваў Глушанкоў. Наш нападаючы загнаў мяч у вароты, нібы цвік, адзначыў Генадзь Мардас, – 2:0.

Да буйнога лік давёў Васіль Тагіль. На трэцяй дабаўленай да першага тайма хвіліне ў чарговы раз з вугла поля Глушанкоў навесіў на далёкую штангу, і Тагіль, скарыстаўшы памылку галкіпера на выхадзе, забіў гол “у раздзявальню” – 3:0.

Лік першай паловы сустрэчы рана супакоіў гаспадароў. Смаргонцы палічылі, што перамога ў іх у кішэні, і дарэмна. Пінчане перахапілі ініцыятыву і ў другім тайме дамінавалі на полі. Нашы адказвалі контратакамі. Мог забіваць Мікалай Фастаў, але прабіў міма варот. Бліжэй да канца сустрэчы атакі “Хвалі” больш былі падобныя на навал.

Скарацілі лік пінскія футбалісты на 80 хвіліне. Падчас чарговай атакі мяч адскочыў у цэнтр штрафной пляцоўкі да паўабаронцы гасцей Валадзько. Ён дакладна прабіў нізам – 3:1. Пасля гэтага добры момант зноў меў Фастаў, але давесці лік да буйнога Мікалай не здолеў.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Турнірная табліца пасля 13 тураў:

1. Гомель              34

2. СКВІЧ               25

3. Граніт               23

4. ДСК                  21

5. Хімік                 20

6. Рудзенск            19

7. Смаргонь              18

8. Верас                18

9. Хваля                17

10. Белкард           17

11. Баранавічы      17

12. Славія-Мазыр   14

13. Полацк            14

14. Ведрыч-97         8

15. Камунальнік      8

16. Ліда                 7