Будслаў 1 ліпеня “ажывае”. Здалёк чуваць спевы пілігрымаў, што ідуць да іконы Божай Маці. Мястэчка напаўняецца людзьмі ў рознакаляравых хустачках, а на плошчы перад касцёлам адкрываецца кірмаш…

Маладзечанская пілігрымка на шляху да Будслава.

Даведка “РГ”. Фэст у мястэчку Будслаў вядомы на працягу многіх стагоддзяў. У 1504 годзе Вялікі князь Літоўскі і кароль Рэчы Паспалітай Аляксандр падарыў вілейскім манахам-бернардзінцам зямлю на рацэ Сэрвач. Паселішча атрымала назву Буда. Манахі пачалі сплаўляць у Вільню па рацэ дрэвы.

У 1591 годзе пабудавалі драўляны касцёл, а ў 1643 – каменны. Згодна з паданнем, у 1588 годзе манахам аб’явілася Божая Маці. А ў 1613 годзе сюды з Рыма прывезлі абраз Маці Божай, які вернікі ўшаноўваюць як цудадзейны.

Ад пачатку 1990-х гадоў аднаўляецца культ абраза. У Будслаў штогод наладжваюцца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. У 1991-1992 гадах абраз быў рэстаўраваны. 2 ліпеня 1996 папскі нунцый арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названая патронкай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у народзе лічыцца Апякункай Беларусі. У 1998 годзе кардыналам Казімірам Свёнтакам цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай быў каранаваны папскімі каронамі.

Сёлетняя пешая пілігрымка з Маладзечна ўжо дзевятнаццатая, у наступным годзе будзе юбілейная. Ішлі пілігрымы чатыры дні. Выхад – раніцай у панядзелак, 28 чэрвеня, ад касцёла святога Юзафа, пасля начлег у Вілейцы, адтуль – у Касцяневічы Вілейскага раёна, потым – у Крывічы Мядзельскага, а там ужо і Будслаў блізка.

Начуюць пілігрымы па хатах – у вернікаў, якія пажадаюць прыняць іх. Асабіста мне гэтая асаблівасць пілігрымкі вельмі падабаецца: ты прыходзіш стомлены ў вёску, чакаеш, хто цябе пакліча, ідзеш, дакладна не ведаючы да каго і куды, але ў выніку цябе нязменна чакаюць гасціннасць і добразычлівасць гаспадароў, мяккі ложак і смачная вячэра.

У пілігрымцы не засумуеш. Амаль без перапынку народ спявае вясёлыя песні, на прывалах арганізуюцца розныя гульні. А ў Крывічах традыцыйна праходзіць “паходны вечар”, апошні вечар у пілігрымцы. Пасля таго, як усе ўладкуюцца, зноў збіраюцца ля касцёла, і пачынаюцца песні і танцы да позняга вечара. І стомы ўжо не адчуваеш.

Яшчэ кожны год адбываецца “пасведчанне ў пілігрымы”, сваеасаблівая “паласа перашкодаў” для тых, хто ідзе ўпершыню. Разам з гэтым пілігрымка – цудоўная магчымасць пабыць сам-насам з сабою, паразважаць, падумаць.

Каб пры ўваходзе ў Будслаў выглядаць больш ярка і запамінальна, арганізатары прыдумалі адну простую, але арыгінальную “фішку”. Усе пілігрымы павінны былі апрануць белыя майкі. Так адразу на фоне іншых выдзялалася белая калона. Да таго ж да белага колеру добра пасавалі нашы карычневыя хустачкі.

Усяго ж у Будслаў прыйшло каля дзвюх з паловай тысяч пілігрымаў з самых розных мясцінаў: Мінска (самая мнагалюдная пілігрымка, каля 400 чалавек), Баранавічаў, Вілейкі, Віцебска (ішлі аж 9 дзён, 290 кіламетраў), Браслава, Пастаў, Полацка і іншых гарадоў. Былі пілігрымы і з-за мяжы (Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны ).

У рамках рэйду «Па былых шляхах нашых айцоў» у Будслаў на ўрачыстасці завіталі байкеры. На матацыклах сёлета прыехалі 17 чалавек, а гэтую незвычайную пілігрымку ўзначаліў ксёндз, дэкан Кшыштаф Мянкіна з Мёраў Віцебскай вобласці. Ужо трэці год запар да пешых пілігрымак і пілігрымаў на веласіпедах далучаюцца палякі.

Кульмінацыяй першага дня стала святая Імша апоўначы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Па традыцыі перад літургіяй святары, сёстры законныя і вернікі прайшлі ў працэсіі са свечкамі. Відовішча, якое заварожвае: ноч, цемра, а ў ёй пад прыгожы спеў рухаюцца сотні кропачак-агеньчыкаў, і над усім гэтым  велічна ўзвышаецца касцёл.

Пасля ў палатачным гарадку адбыўся канцэрт мінскага гурта «Небасхіл» і Алесі Унукоўскай. Не перашкодзіў гэтаму нават дождж, які толькі напачатку крыху спалохаў пілігрымаў. Моладзь пела і танчыла аж да світання. У гэты ж час у базіліцы перад абразом Маці Божай адбылася святая Імша паводле грэка-каталіцкага абраду.

Цэнтральным пунктам урачыстасцяў стала адпустовая святая Імша 2 ліпеня, якую ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Сёлетні Будслаўскі фэст праходзіў пад дэвізам “Марыя – выбраная дачка Айца Нябеснага”, наступныя два гады святы пройдуць пад дэвізамі «Марыя – святыня Духа Святога» і «Марыя – Маці Збавіцеля». А ў 2013 годзе будзе адзначацца 400-годдзе прабывання цудадзейнай іконы Божай Маці ў вёсцы Будслаў.

Яна ТОНКАВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Фота забяспечана Янай ТОНКАВІЧ.