На грамадскае абмеркаванне вынесены дэталёвы план цэнтра горада Маладзечна з праектам аднаўлення гістарычнай забудовы.

Убачыць, якім прапануюць зрабіць цэнтр Маладзечна і раён Старога Места праекціроўшчыкі Беларускага навукова-даследчага інстытута горадабудаўніцтва, можна да 12 ліпеня ў фае Палаца культуры. Грамадскае абмеркаванне плана доўжыцца да 16 ліпеня: свае заўвагі маладзечанцы могуць пакідаць у спецыяльным сшытку каля экспазіцыі ў Палацы культуры, накіроўваць у райвыканкам звычайнай або электроннай поштай.

“Гэта – канцэпцыя развіцця да 2020 года, якую прапануюць гораду. Але на ўсё трэба грошы. Мы разумеем, што да гэтага часу не ўсё будзе рэалізавана”, — патлумачыла ў інтэрв’ю “РГ” галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Святлана Хрусталёва.

Дэталёвы план цэнтра горада з праектам аднаўлення гістарычнай забудовы прадставіла вядучы архітэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута горадабудаўніцтва Галіна Пальчэўская.

Аўтары праекта прапануюць шмат што змяніць у абліччы горада. Напрыклад, зрабіць усю вуліцу Прытыцкага пешаходнай – ад Вялікага Гасцінца да Прывакзальнай плошчы, а на скрыжаванні яе з вуліцамі Валынца і Лібава-Роменскай пабудаваць падземныя пешаходныя пераходы. Грузавы двор ад чыгуначнага вакзала перанесці на станцыю Каледзіно, а Прывакзальную плошчу рэканструяваць і добраўпарадкаваць.

У гарадскім парку пабудаваць крыты амфітэатр для правядзення масавых мерапрыемстваў, абуладкаваць лыжна-ролерную, веласіпедную, электрамабільную трасы, зрабіць водную сістэму.

Рынак райспажыўтаварыства, так званы “харчовы”, рэкамендуюць перанесці. Па словах Святланы Хрусталёвай, адно з магчымых месцаў для яго – пляцоўка каля рэчавага рынку. У цэнтры горада, замест харчовага рынку, будзе нейкі іншы гандлёвы аб’ект з  паркоўкай.

На Старым Месце прапануюць зрабіць парк гарадской скульптуры. І аднавіць гістарычнае аблічча будынка былой сінагогі на вуліцы Віленскай і двух дамоў насупраць.

Для грамадскага абмеркавання ў Палацы культуры быў прадстаўлены і праект забудовы ўчастка на скрыжаванні вуліц Вялікі Гасцінец і Міру. Яго набыло сумеснае закрытае акцыянернае таварыства, якое збіраецца будаваць на тым месцы гандлёвы цэнтр сеткі “Прастор” (у Мінску працуюць некалькі гіпермаркетаў гэтага брэнда). Гэта будзе аднапавярховы будынак з максімальнай вышынёй 7 метраў, каля яго – паркоўка. Праект ужо прайшоў дзяржаўную экспертызу.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.