Гэта свята заўсёды пачынаецца ў першую нядзелю месяца, сёлета 4 ліпеня, і збірае вакол сябе людзей з усёй Беларусі. Пакланіцца малой радзіме вялікага Купалы ў Вязынку прыязджаюць пісьменнікі, паэты, кампазітары, прадстаўнікі розных іншых спецыяльнасцей і прафесій, якіх аб’ядноўвае любоў да роднага слова, сваёй мовы.

Гасцей са сталіцы, якія прыехалі на Свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі”, што прайшло 4 ліпеня ў Вязынцы, вітаў народны фальклорны калектыў “Маркаўчанка” Маркаўскага дома культуры.

Свята паэзіі, песні і народных рамёстваў называлася  “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…” Арганізавалі яго супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Саюза пісьменнікаў Беларусі і метадычнага цэнтра аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама.

На мерапрыемства сабраліся не толькі жыхары нашага рэгіёну. Шмат людзей прыехала з Мінску. Сярод прысутных былі такія знакамітасці, як Віктар Шніп, Леанід Дранько-Майсюк, Людміла Рублеўская і многія іншыя. Усіх іх сустракаў хлебам-соллю і вітаў народны фальклорны калектыў “Маркаўчанка” Маркаўскага дома культуры.

Свята адкрывала дырэктар нацыянальнага літаратурнага музея Алена Мацівасян. Вядучай мерапрыемства стала беларуская паэтка, пісьменніца, літаратурны крытык Людміла Рублеўская.

Кожны мог у гэты дзень прадставіць свой нумар мастацкай самадзейнасці. На сцэну адзін за адным выходзілі інструментальныя выканаўцы, барды, групы, розныя музычныя калектывы. Асноўнымі ўдзельнікамі свята былі мінчане. Наш рэгіён прадстаўлялі толькі два  калектывы: “Маркаўчанка” і фальклорна-этнаграфічны гурт “Крынічка” Раёўшчынскага дома культуры.

Сёлетняе свята адрознівалася ад мінулагодняга. Па патрабаванні арганізатараў са сцэны гучалі толькі беларускамоўныя песні, пераважна на словы Янкі Купалы.

Акрамя музычных прадстаўленняў, працавала выстава народных майстроў, дзе было вельмі шмат розных прыгожых вырабаў. Уразілі калаўроты. Іх у Вязынку прывёз слонімскі майстар.

Запомнілася выступленне сына Якуба Коласа Міхася Міцкевіча. На свята ён прыязджае кожны год і вельмі цікава расказвае пра сустрэчы з Янкам Купалам. Дарэчы, з усіх людзей, што сабраліся на свята, адзін толькі ён асабіста ведаў паэта. Бачыўся з ім, размаўляў.

Арганізатары мерапрыемства адзначылі, што Вязынку за гэты час наведалі жыхары 140 краін свету. І ім было што паказаць!

Наталля ПЯКІНА,

студэнтка факультэта журналістыкі.