У кожнай сапраўднай школе летам бываюць вялікія канікулы. Школка таксама, каб не адставаць ад сапраўдных, бярэ адпачынак.

У часы маёй вучобы ў пачатковай, нават у сярэдняй школе, вучні атрымлівалі на лета заданне: зрабіць гербарый мясцовых раслін, налавіць матылёў і жукоў, карацей, вывучаць навакольную прыроду. Што мы старанна і спрабавалі рабіць.

Прапаную, у час канікулаў, і не толькі, заняцца радаводам сваёй сям’і, сваіх блізкіх і, нават далёкіх родзічаў, агульных продкаў. Дзецям распытаць сваіх бацькоў, дзядуляў і бабуль, цётак і дзядзькоў. Дзядулі і бабулі не чакайце, калі ўнукі запытаюць, самі раскажыце, што памятаеце з ранейшага жыцця вы, што даведаліся ад сваіх продкаў. Тады не будуць разбурацца сувязі паміж пакаленнямі, не будзе губляцца наша гістарычная памяць, зыходзіць у нябыт наша гісторыя.

Мінулае стагоддзе было багатае на рэвалюцыі, сусветныя войны, на вялікія перамены ў грамадскім жыцці народаў і асобных сем’яў. Многія, не па сваёй волі і па сваёй таксама, апынуліся ў іншых краінах, на іншых кантынентах. Напэўна, няма такога куточка на зямлі, дзе б ні жылі выхадцы з нашага рэгіёну. Сёння час дэмакратыі, людзей перасталі дзяліць на сваіх і чужых, можна свабодна перамяшчацца па свеце, адкрылася магчымасць аднавіць сувязі паміж родзічамі, знайсці свае карані. Прыязджаюць многія з краін Еўропы, Амерыкі, Расіі, шукаюць і знаходзяць сваіх родных. Мы жывём на зямлі сваіх продкаў, нам зрабіць гэта нашмат лягчэй.

Радаводы складаюцца розныя: для аднаго чалавека, сям’і, цэлага роду. На малюнку паказаны радавод магнацкага роду Пацаў, якія былі старостамі Вілейскімі. Яго я паказаў толькі як прыклад афармлення радаводаў. Часцей радаводы маляваліся ў выглядзе дрэва, знізу ўверх. Сёння іх афармляюць і зверху уніз у выглядзе простай схемы. Магнаты і заможная шляхта складалі радаводы па мужчынскай лініі, каб паказаць, ці даказаць старажытнасць свайго роду і пахваліцца перад суседзямі высокімі пасадамі продкаў, калі былі такія. Магнатаў сёння няма, засталіся людзі простыя. Нас, простых людзей, цікавіць не толькі мужчынская лінія, па якой перадавалася прозвішча, а і прадстаўнікі жаночай лініі. Як кажуць навукоўцы, большасць нашых талентаў і здольнасцей часцей перадаюцца праз жанчын, ад гэтага нам нікуды не дзецца.

Каго зацікавіла гэта тэма, пасля “допыту” сваіх родных і блізкіх звярніцеся ў краязнаўчы музей. У кожным раённым горадзе нашага рэгіёну такі ёсць. Навуковыя супрацоўнікі падкажуць вам, дзе і што шукаць далей. Справа ў тым, што архіўныя дакументы ХІХ стагоддзя і ранейшыя знаходзяцца ў розных гарадах, нават краінах: Літве, Польшчы, Расіі. Пад час войнаў мінулага стагоддзя нашы архівы Расія ратавала ад Германіі, палякі ад бальшавікоў і гэтак далей. На радзіму ніхто з іх нічога не вярнуў, напэўна там яны таксама патрэбныя. Цікавыя нам архівы ў асноўным знаходзяцца ў Мінску, Гродне і Вільні, можа трохі ў Кракаве і Львове.

Калі справа гэта некага зацікавіць, звяртайцеся ў газету і я, пазней, раскажу больш падрабязна, што ведаю пра гэту цікавую тэму.

***                       

Напаследак хачу падзякаваць усім, хто не застаўся абыякавым, тым ці іншым чынам адгукнуўся на старонках газеты аб працы школкі: тых, хто рабіў заўвагі і асабліва тых, хто хваліў. Дарослым, як і дзецям, калі хваляць і падтрымліваюць, працаваць хочацца яшчэ лепш.

Цешыць, што школка разлічаная на школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў, знайшла водгук у іх бацькоў, бабуляў і дзядуляў, узбудзіла іх памяць аб гадах дзяцінства і маладосці. Для мяне гэта асаблівы гонар – не забыў, паказаў праўдзіва ці хаця б праўдападобна.

Мэта школкі не навучаць і навукова абгрунтавана расказваць аб нечым. Яна проста стараецца выклікаць цікавасць да быту, працы, рамёстваў, святаў нашых продкаў, да ўсяго, што з’яўляецца вялікай часткай агульнай культуры.У школкі невялікія памеры, шмат не раскажаш, калі і ведаеш. Хацелася б, каб тыя, хто больш дасканала і глыбока ведае тэмы, якія разглядаліся на старонках (уроках) школкі, больш падрабязна, прафесіянальна і цікава раскрылі іх. Засталіся некранутымі вельмі важныя тэмы: адзенне нашых продкаў, мова, паходжанне і развіццё нацыянальнага арнаменту, па якіх мае веды і жыццёвы вопыт слабаватыя. Пішыце, мяркую, “Рэгіянальная газета” надрукуе іх з задавальненнем.

Дзядька КАПЦЮГ з Вілейкі,

лета 2010 года.