Гэта жанчына ўспрымае жыццё як казку, пачуцці перадае ў вершах, піша музыку да песень. З дзяцінства яна любіць рыбалку, 25 гадоў як водзіць машыну і заўсёды гатова стаць на бок справядлівасці.

Яна – гэта Ніна Руткоўская, акампаніятар Лебедзеўскага Дома культуры і чалавек з багатым жыццёвым вопытам.

Талент з маленства

Родам Ніна Руткоўская з вёскі Мясата, што непадалёку ад Маладзечна. Сям’я была невялікая: тата, маці, старэйшы брат ды Ніначка. Жылі дружна і рабілі ўсё разам. Непадалёку ад дома была сажалка, куды дзеці з бацькам заўсёды хадзілі вудзіць рыбу. Наловяць, а матуля дома смажыць яе, робіць розныя стравы. Вось з той пары і запала ў сэрца дзяўчынкі летняя рыбалка.

Калі Ніне было шэсць гадоў, брат прынёс з мясцовага клуба старэнькую пацёртую двухрадку. А каб малодшая сястрычка не зламала гармонік, паклаў яго высока на шафу. Але дзяўчынку так захапіў гэты музычны інструмент, што на шафу яна залезла. Толькі на месца пакласці сіл не хапіла.

Вучыцца іграць яна пачала сама. Бацькі заўважылі зацікаўленасць і здольнасці дачкі, накапілі грошай і купілі новы гармонік, на якім дзяўчынка змагла трэніравацца далей.

Аднойчы бацька прывёз з Мінска нямецкі баян. Сапраўдны сур’ёзны інструмент. Гэта быў самы важкі падарунак у яе жыцці. Бо той баян назаўжды звязаў жыццё Ніны Іванаўны з музыкай і творчасцю. Музычны інструмент, якому ўжо 44 гады, і сёння стаіць у яе дома як напамін таму, з чаго ўсё пачыналася. “Свае першыя дзесяць рублёў я зарабіла на провадах салдата ў армію”, – з гонарам гаворыць жанчына.

А далей была школа, нават дзве: агульнаадукацыйная і музычная. “Даводзілася уставаць у палове шостай гадзіны раніцы, ісці на аўтобус да вёскі Краснае ды ехаць у горад, – успамінае мая субяседніца. Вучылася я ў СШ №1, а пасля абеду хадзіла ў музычную школу”.

Паступіла туды дзяўчына экстэрнам. З-за таго, што прыйшла позна, праграму двух гадоў давялося вывучаць за адзін. Яна справілася! І паступіла ў 1972 годзе ў музычнае вучылішча, дзе здольнасці і талент набылі моцную тэарэтычную і практычную аснову.

Пачатак кар’еры

У 1975 годзе Ніна Руткоўская стала акампаніятарам у ансамблі “Беларусачка”, што быў створаны на заводзе “Электрамодуль”. На той час гэта быў вельмі вялікі музычны калектыў: і танцоры, і хор, і аркестр.

З “Беларусачкай” Ніна аб’ехала палову свету: была ў Кіеве, Маскве, Прыбалтыцы, Запарожжы, Ленінградзе. Асабліва запомнілася паездка ў Германію. І далёка не толькі радаснымі хвілінамі: “Гэта быў 1986 год. Якраз пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Перад паездкай група праходзіла спецыяльны інструктаж. Вучылі, аб чым гаварыць, што і як рабіць, тлумачылі, што можна, а чаго нельга. Нават на курсы спецыяльныя нас вазілі ў Мінск кожны дзень. У Германію ехалі на цягніку разам з суправаджальнікамі. Прыбылі на месца. І што запомнілася ярка… гэта словы “кранк” (“хворы”), так казалі немцы, бо ведалі аб аварыі. І што самае непрыемнае – адносіліся так, як гаварылі”.

А ўвогуле, калі куды-небудзь выязджалі, то канцэртаў заўсёды было шмат, нават па два на дзень. Вось такая насычаная рознымі паездкамі і мерапрыемствамі была праца ў “Беларусачцы”.

Якраз у гэты час атрымала ад завода кватэру, адпрацоўваць якую  прыходзілася на будоўлі. З раніцы да абеду мяшкоў нацягаешся, а потым на рэпетыцыю бегчы трэба. Часам стамлялася так, што нават у грымёрцы спала.

На той час грошай плацілі мала. Як кажа сама Ніна Іванаўна: “Гэта больш было падобна да дапамогу, чым на жалаванне”. Таму акрамя асноўнай работы, музыканты шукалі падпрацоўку. Часцей за ўсё зараблялі на вяселлях. Колькі розных прыгодаў было! “Аднойчы ігралі на вяселлі ў Чарчонаве. Там была непадалёку свая маленькая электрастанцыя. Дзесьці пасярод вечара святло патухла. Прыйшлося запальваць газавыя лямпы, ажно дванаццаць штук”, – успамінае Ніна Іванаўна. “А было, што і ўцякаць даводзілася. На вяселлі бойка заварылася. А мы ўтрох былі. Цымбаліст іграў адной рукой, а другой на акне зашчапку шукаў, каб адкрыць і праз акно вылезці”.

Усе гэтыя гісторыі мая субяседніца ўспамінала з усмешкай і казала потым шчыра, што з задавальненнем бы пражыла ўсё гэта яшчэ раз, няма аб чым шкадаваць.

Закруціла жыццё

Пасля “Беларусачкі” працавала і ў клубе ў Цюрлях, і ў СШ№1  акампаніятарам. Часам даводзілася зарабляць на жыццё ў трох-чатырох месцах. Як не зламалася і асіліла ўсё гэта, мая суразмоўца сама здзіўляецца. Можа таму, што людзі на жыццёвым шляху трапляліся харошыя: падтрымлівалі, дапамагалі ў цяжкі час.

У 1994 годзе ўладкавалася настаўніцай музыкі ў СШ №5. Зараз успамінае, як там ёй было не па сабе: і шум пастаянны, і педагогі за кожную гадзіну пазакласнай работы сварыліся. А яна так заўсёды любіла ціхую, мірную працу. Калі дакладна ведаеш, што і як трэба зрабіць, і робіш.

“Лёгка, калі падбіраецца добры калектыў, калі людзі не зайздросныя, а проста адказныя і творчыя. Тады працаваць не цяжка, а нават прыемна”, – разважае Ніна Руткоўская.

Рознае здаралася ў жыцці гэтай жанчыны, але лічыць, што сапраўды пашанцавала ёй 17 снежня 1998 года, калі ўладкавалася ў Лебедзеўскі СДК акампаніятарам. Тут і калектыў падабраўся добры, і кіраўнік Лідзія Гарохава, жанчына мудрая і спачувальная. “Яна ўсё разумее, адчувае, – кажа мая суразмоўца пра свайго кіраўніка. А яшчэ мы з ёю добра спрацаваліся, і калі што-небудзь новае развучваем, то супярэчнасцей ні ў яе, ні ў мяне не ўзнікае”.

Без падзяк не абышлося

Не абмінулі творчую дзейнасць нашай гераіні і падзякі, граматы, дыпломы. Шмат добрых слоў чула Ніна як у свой адрас, так і ў адрас свайго калектыву. “Я ніколі не любіла ўдзельнічаць у персанальных конкурсах. І на першыя рады не імкнулася. Выступала з задавальненнем для сябе, для калектыву”, – заўважае мая суразмоўца. Таму, напэўна, нечаканым і вельмі прыемным падарункам стала для яе спецыяльная прэмія Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта “Талент-2008” у намінацыі “Канцэртмайстар года”.

Успамінае Ніна Руткоўская і як у Вілейку на канцэрт са сваім калектывам ездзіла. Удзельнічалі ў мерапрыемстве ў якасці гасцей, а атрымалі ўзнагароду, якой не чакалі. Ім нават прапаноўвалі стаць народным калектывам. А ўсё за арыгінальнасць і прыгажосць музычна-танцавальнай пастаноўкі “Вясельная замалёўка”, дзе ўдзельніцы калектыву і пелі, і танцавалі самі.

Сённяшнія дні

Чатыры гады таму збылася яшчэ адна мара Ніны Руткоўскай – яна стала кіраўніком свайго музычнага калектыву, назву якога ўзяла з дазволу былой кіраўніцы калектыву завода “Электрамодуль” – “Беларусачка”. За гэты час калектыў не раз выступаў на розных гарадскіх і раённых мерапрыемствах, святах і заваяваў прызнанні і падзякі слухачоў. Калі спявае “Беларусачка”, чутны толькі прыемная музыка і прыгожыя словы песень. А колькі розных успамінаў застаецца “за кадрам”.

У калектыве восем жанчын рознага ўзросту і з розных сфер дзейнасці па асноўных занятках. Але творчасць іх збліжае. Песні і музыку для выступленняў Ніна Іванаўна пераважна піша сама. Здараецца, новая песня каму-небудзь не падабаецца, тады ўдзельніцы калектыву шукаюць кампраміс, але ў большасці выпадкаў густы супадаюць, і пастаноўкі атрымліваюцца непаўторнымі і душэўнымі.

Рэпертуар калектыву разнастайны. Але сама Ніна Руткоўская кажа, што падабаецца ёй пісаць пра пачуцці, адносіны людзей, каханне.

Зараз Ніна Іванаўна ўжо на пенсіі, але з ахвотай працуе на святах ў Лебедзеўскім СДК і спявае са сваім калектывам. Кажа, што ўжо і не ўяўляе жыццё без музыкі, творчасці. Жартуе, што “калі на пенсію адправяць, то будзе па электрычках хадзіць і ўсё роўна іграць”.

Алеся ДЗЯМКО.

Фота Алесі ДЗЯМКО.