На гульню ў Оршы 10 ліпеня нашы выйшлі без Грыхуціка, Дзмітрыя Касцюка і без Лужынскага. Макрыцкі, Дараховіч і Нарожнік гулялі з недалечанымі траўмамі. І ўсё ж мы перамаглі.

“Перамаглі дзякуючы маральна-валявым якасцям, – сказаў пасля матча ў інтэрв’ю “РГ” трэнер “Маладзечна” Віталь Казяк. – А тое, што зрабіў на апошняй хвіліне гульні варатар Антон Шчэрба, я назваў бы “вышэйшым пілатажам”.

Антон Шчэрба.

Пачнём з канца. На трэцяй дабаўленай да асноўнага часу гульні хвіліне Антон Шчэрба выцягнуў з левага ніжняга вугла мяч з разраду тых удараў па варотах, якія не бяруцца. Як Антон зрэагаваў на ўдар з блізкай дыстанцыі – сапраўды цяжка зразумець. Дзякуючы рэакцыі Шчэрбы мы паехалі дамоў з трыма ачкамі.

Праблемы з саставам перад гульнёй у Оршы па-сапраўднаму непакоілі. Аляксандр Грыхуцік з Дзмітрыем Касцюком прапускалі тур з-за набраных жоўтых картак, па сямейных абставінах не змог паехаць у Оршу Міхаіл Лужынскі. Не ўсе астатнія былі абсалютна здаровыя.

Плюс гарачыня, плюс далёкі пераезд. Але на полі не самай лепшай якасці маладзечанцы ўсё ж згулялі ў сваю гульню, прынцып якой – кантроль мяча.

Матч паказаў, што запас моцы ў нас ёсць. Здорава адпрацавалі маладыя Улад Касцюк, Прохар Новікаў, Антон Капцюг. Забілі нашы з пенальці на 10 хвіліне. Сфалілі гаспадары ў сваёй штрафной на Антоне Капцюгу. Суддзя даў дагуляць момант. Антон біў па варотах у падзенні. Не забіў, і прагучаў свісток арбітра. Пенальці.

Штатны выканаўца 11-метровых Дзмітры Вышынскі чарговы раз быў дакладны – 1:0.

“Пасля гэтага нам больш патрэбна было не прапусціць, чым забіваць яшчэ, – кажа Віталь Казяк, – таму гулялі мы ад абароны. І радуе тое, што абаронцы Сяргей Дрозд, Павел Суман, Аляксандр Стэцкі і, канешне, варатар Антон Шчэрба са сваёй задачай справіліся”.

Зрэшты, нашы хлопцы сапернікаў асабліва блізка да Шчэрбы не падпускалі ўсю гульню. Момант на апошняй хвіліне быў адназначна самым небяспечным. Але Шчэрба выручыў.

У бліжэйшыя два тыдні маладзечанцы правядуць чатыры гульні. У суботу, 17 ліпеня, – дамашні матч 1/16 фіналу з бясспрэчным фаварытам першай лігі “Гомелем”. Пасля ў сераду, 21 ліпеня, у пятнаццатым туры чэмпіянату прымаем “Белтрансгаз”. У суботу, 24 ліпеня, – выезд у Гарадзею, а ў сераду, 28 ліпеня, – дамашняя сустрэча з “Бярозай-2010”. Карацей, лягчэй не будзе…

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.

Турнірная табліца пасля 14 тураў:*

1. Гарадзея           37
2. Слуцкцукар       33
3. Клечаск             32
4. Маладзечна        26
5. Нёман               24
6. Гомельчыгунтранс     23
7. Бяроза-2010             21
8. Асіповічы                  20
9. Спартак                   17
10. Вігвам                    17
11. Орша                     16
12. Вертыкаль              15
13. Жлобін                   14
14. Белтрансгаз            14
15. Гомель-2                12
16. Зорка-БДУ              12
17. Лівадзія                   9
18. ДСК-2                     4
*“Гомельчыгунтранс” і “Зорка-БДУ” правялі на адну гульню менш.