Першы зборнік вершаў сяброў паэтычнага аб’яднання “Агмень” нядаўна выйшаў з друку. Яго прэзентацыя адбудзецца ў верасні.

“Нашы паэты — людзі цікавыя, творчыя. Яны не проста рыфмуюць словы, а сапраўды ствараюць добрыя вершы. Іх радкі выклікаюць буру эмоцый, запамінаюцца. Зборнік — першы на іх творчым рахунку — прысвечаны пяцігоддзю з дня стварэння аб’яднання. Маладзечаншчына славіцца таленавітымі людзьмі: Бітэль, Купала, Агінскі, Каханоўскі і іншыя закладвалі падмурак беларускай культуры. Наша задача – не разгубіць створанае імі і ісці наперад, каб на небасхіле беларускай літаратуры з’яўляліся новыя імёны”, — сказала ў інтэрв’ю “РГ” кіраўніца паэтычнага аб’яднання Таццяна Атрошанка.

Пад вокладкай зборніка, які таксама мае назву “Агмень”, сабраныя творы 20 аўтараў: Таццяны Атрошанкі, Марыі і Паўла Бельскіх, Галіны Біль, Аляксандры Багавец, Тамары Бярэзінай, Ларысы Сысун, іншых. Усе яны цяпер жывуць у Маладзечне, толькі Станіслава Касатага ўжо няма ў жывых.

У кнізе – розная колькасць вершаў кожнага паэта.

Фінансаваў выданне Палац культуры горада Маладзечна, на базе якога дзейнічае аб’яднанне “Агмень”. Прадмовы да кнігі напісалі дырэктар Палаца Святлана Сарока і галоўны рэдактар часопіса “Нёман” Алесь Бадак. Наклад – 100 асобнікаў. Па словах Таццяны Атрошанкі, у продаж яны не пойдуць. Аматары паэзіі змогуць пагартаць зборнік у бібліятэцы. Або, калі пашанцуе, атрымаць у падарунак ад знаёмага маладзечанскага паэта.

“Раздзяліць радасць маладых маладзечанскіх паэтаў з нагоды выхаду першага зборніка іх сябры — артысты, кампазітары, паэты, крытыкі – змогуць на прэзентацыі, якая адбудзецца ў верасні ў Палацы культуры. Запрашаем на яе і чытачоў “Рэгіянальнай газеты”, — сказала Таццяна Атрошанка.

Дакладны дзень прэзентацыі “РГ” паведаміць пазней.

Святлана ЦІШКО.