У Чысці 7 ліпеня ў 16 гадзін 15-гадовы дзесяцікласнік мясцовай школы, жыхар вёскі Асавец, ехаў на скутары з 14-гадовым пасажырам, вучнем гэтай жа школы. Падчас таго, як скутар упаў на дарогу, пасажыр атрымаў траўмы.

Скутар “Вайпер-Вінт” рухаўся ў мястэчку па вуліцы Зялёная. Пры павароце направа юны кіроўца няправільна выбраў хуткасць руху, не ўлічыў стан дарожнага пакрыцця, не справіўся з кіраваннем і ўпаў на праезную частку.

Сябар-пасажыр кіроўцы матацыкла атрымаў рваную рану ніжняй губы, рану правага локця, пашкоджанне звязак правага калена, шматлікія ўдары і раны рук і ног. Хлопчыка шпіталізавалі ў дзіцячае хірургічнае аддзяленне Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Па словах інспектара маладзечанскай дзяржаўтаінспекцыі Дзмітрыя Стасюлевіча, асноўнай прычынай здарэнняў застаецца невыкананне вадзіцелямі правілаў дарожнага руху. А таксама неапраўданае ліхацтва дзяцей і падлеткаў на скутарах.

Каб папярэдзіць новыя дарожныя здарэнні, супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі Мінскай вобласці ў блішэйшыя выхадныя правядуць на дарогах прафілактычныя мерапрыемствы, праверкі дакументаў вадзіцеляў, а таксама рэйды па вёсках раёнаў.

Сяргей ЗЯНЬКО.