Найбольшая колькасць тапельцаў была ў Маладзечанскім і Смаргонскім раёнах – па тры чалавекі ў кожным.

У пятніцу, 23 ліпеня, на возеры ў Насілаве ўтапіўся 21-гадовы хлопец. У суботу не выплыў з вадаёма, што ў вёсцы Белева, 22-гадовы хлопец. Па папярэдніх дадзеных, абодва былі нецвярозыя, расказала ў інтэрв’ю “РГ” памочнік пракурора Маладзечанскага раёна Таццяна Уліцкая, якая выязджала на месцы здарэнняў. У нядзелю ў сажалцы каля вёскі Яхімоўшчына патануў 45-гадовы рыбак, мясцовы жыхар.

На рацэ Вілія недалёка ад вёскі Хаціловічы Смаргонскага раёна 25 ліпеня каля паловы дзевятай гадзіны раніцы цячэннем да берага прыбіла цела 79-гадовага пенсіянера, які 22 ліпеня плаваў па Віліі на лодцы. У той дзень лодка прыстала да берага без гаспадара.

У нядзелю ў раёне былі яшчэ два тапельцы. Па словах намесніка пракурора Смаргонскага раёна Мікалая Кіндры, у сажалцы ля вёскі Малінавая ўтапіўся 48-гадовы мужчына. А з сажалкі, што каля вёскі Суцькава, недалёка ад ракі Оксны, не выплыў 33-гадовы мужчына.

Па адным чалавеку на вадзе загінулі ў Валожынскім, Мядзельскім і Астравецкім раёнах. Памочнік пракурора Валожынскага раёна Андрэй Жукоўскі расказаў “РГ”, што ў пятніцу на рацэ Заходняя Беразіна каля вёскі Філіпіняты патануў нецвярозы 36-гадовы мужчына. Ён адпачываў на рацэ ў кампаніі сяброў, у заклад скочыў у ваду і не выплыў.

Па словах следчага пракуратуры Мядзельскага раёна Івана Малафея, у возеры Баторына, што каля вёскі Азаркі-Пудавінка, у суботу вечарам патануў 44-гадовы мужчына. Як сведчаць відавочцы, ён быў нецвярозы.

На сажалцы, што каля вёскі Палушы Астравецкага раёна, у суботу адпачывала група маладых людзей. Выпівалі. Адзін з іх, 22-гадовы хлопец, нырнуў і не вынырнуў. Цела з сажалкі даставалі вадалазы, паведаміў “РГ” пракурор раёна Аляксандр Марцінчык.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Патануў у Бярэзіне

Небяспечны сезон

Два тапельцы на выхадныя

Спякота. Людзі тонуць