Вуліца Маладзёжная самая прыгожая ў вёсцы Хажова. Усе колеры вясёлкі можна знайсці на яе абшарах. Праходзіш – захапляешся. Ля кожнага дома растуць кветкі!

Першыя пабудовы на гэтай вуліцы з’явіліся гадоў 20 таму. Сама яна па памерах невялікая. Жывуць тут у асноўным людзі працавітыя, старанныя. Адсюль і багацце кветак і фарбаў.

На кветніку Ірыны Карней, напрыклад, растуць цыніі, лілеі, аксаміткі, вяргіні, ружы. У 2004 годзе, на 570-гадовым юбілеі вёскі Хажова, дом гаспадыні атрымаў статус“ Сядзібы ўзорнага парадку”. Не страціў ён свайго статусу і па сённяшні дзень.

– Цяжка, канешне, быць эталонам прыгажосці, але вельмі прыемна слухаць кампліменты, – гаворыць гаспадыня. – Кветкі каля дому – гэта мая душа. Я маладзею з імі.

Садзяць жыхары Маладзёжнай вуліцы кветкі не толькі ў гародах і дварах. Шмат іх і на вуліцы, перад бардзюрамі. Людзі, што першы раз трапляюць сюды, проста дзівяцца. Некаторыя праз нейкі час нават вяртаюцца з фотаапаратамі, каб зняць убачанае.

– Расаду вырошчваю сама. Тады я ўпэўненая ў якасці кветак, – расказвае з усмешкай Ірына Карней. – Не магу рызыкаваць рэпутацыяй, я проста абавязаная падтрымліваць парадак.

У доме жанчыны таксама ўсё ў кветках. Грашовае дрэва, дрэва шчасця, калатэя – гэта адны з нямногіх прадстаўнікоў хатніх кветак. Зойдзеш у каторы пакой, быццам у джунглі трапляеш, а які прыемны водар!

Восьмага ліпеня ў Хажове быў арганізаваны хросны ход. Асвяцілі ў час яго і вуліцу Маладзёжную. А праз тры дні жыхары вёскі назіралі сапраўдны цуд: над кожнай асвечанай хатай лёталі буслы. Адзін з жыхароў нават палічыў. Кажа – іх было сорак. Па якой прычыне ляталі, што прадказвалі, у птушак не спытаеш. Жыхары Маладзёжнай вераць, што гэта на шчасце!

Валеры ПІНЧУК, клуб юных журналістаў “Маладзік”.

Фота Валерыя ПІНЧУКА.

Фотаапытанне: Ці любіце вы кветкі?