Сімвалам “Дажынак-2011” абраны былы герб горада – трохліснік папараці.

Маладзечанскі краязнаўца Міхась Казлоўскі расказаў, што ў ХVI–ХVIII стагоддзях гарады, якія атрымлівалі магдэбургскае права, атрымлівалі і ўласны герб. У Маладзечне права на самакіраванне не было, як і герба. Але ў 1980-х гадах доктар гістарычных навук Генадзь Каханоўскі разам з мастаком Юрыем Герасіменка-Жызнеўскім вырашылі герб стварыць.
Прапанавалі ідэю гарадскім уладам, тыя аб’явілі конкурс. Якраз была і добрая нагода – 600-годдзе Маладзечна. Першае месца заняў праект Герасіменкі і Каханоўскага, які і зацвердзілі рашэннем выканкама ў 1988 годзе.
– Варта заўважыць, што яны абодва не былі геральдыстамі, – гаворыць Міхась Казлоўскі, – але ж яны і далёка не дылетанты. Таму мне было крыху дзіўна, што праз некалькі гадоў Геральдычны савет знайшоў у іх гербе нейкія хібы.
Магчыма, “Папараць” і не адпавядала ўсім канонам. Але па сваёй сімвалічнай нагрузцы яна мне імпануе больш, чым сённяшні варыянт. Мяркую, герб Герасіменкі змястоўна адлюстроўвае сутнасць горада.
На погляд краязнаўца, вяртанне “Папараці”, хоць і ў якасці сімвала “Дажынак”, будзе выдатна дапаўняць устаноўку помніка Янку Купалу.

Герб “Папараць”.

Аб тым, якія ж хібы былі заўважаныя ў першым гербе, для “РГ” расказаў Сяргей Расадзін, прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, член Геральдычнага савета:
– Як бы я прыязна не ставіўся да былога герба, але “Папараць” не адпавядала ўсім міжнародным геральдычным канонам, якія з’яўляюцца абавязковымі. У 1917 годзе былі адмененыя імператарскія ўказы, у тым ліку і тыя, што датычыліся зацвярджэння гербаў.
Але з 1960-х адбылося адраджэнне гарадской сімволікі. Спачатку гэта былі папулярныя на той час значкі. А некаторыя гарады абзаводзіліся і гербамі. І іх асаблівасць якраз у тым, што яны ўтрымліваюць усе рысы значка.
Па-першае, на герб нельга ставіць ніякіх надпісаў. Гэта тычыцца назвы горада, бо тады губляецца сам сэнс наяўнасці герба. Малюнак павінен быць настолькі самабытны і індывідуальны, каб гаварыў сам за сябе, каб назвы і не трэба было.
Па-другое, у “Папараці” пазначаны год першага згадвання Маладзечна ў пісьмовых крыніцах. Можа, гэта і зручна, але супярэчыць геральдычным канонам.
Па-трэцяе, у класічнай геральдыцы ёсць стандартныя формы шчыта. І сярод іх не існуе той, які выкарыстаў Герасіменка.
– Да таго ж, выкарыстаць папараць было разумна і слушна, – разважае Сяргей Расадзін. – Але калі разумець яе як купалаўскі паэтычны сімвал, то павінна быць папараць-кветка, а не звычайны лісцік.
Нагадаем чытачам, што сам Юры Герасіменка-Жызнеўскі зрабіў “Папараць” менавіта ў такім выглядзе наўмысна:
“Наш знакамiты зямляк Іван Дамінікавiч Луцэвiч, якi нарадзiўся ў Вязынцы, узяў для сябе псеўданiм Янка Купала ў памяць аб народным свяце. На Купалле людзi шукаюць кветку шчасця – кветку папарацi. І мне ўявiлася, што галоўным знакам у будучым гербе павiнна стаць папараць.
Можа хто запярэчыць: “Чаму не папараць-кветка?” Але хто бачыў яе? А выдумляць яе мне здалося наіўным. Не кветка шчасця, а рух да шчасця з’яўляецца той ідэяй, якая ляжыць у аснове народнага разумення”. (Газета “Святло камунізму”, 17 верасня 1988 г.)
Калі хібы былі заўважаныя, дзейнічаць можна было двума спосабамі: альбо выправіць стары, альбо стварыць новы. 10 лютага 2000 года быў зарэгістраваны новы герб з выявай Багародзіцы.
Свае праекты прапаноўвалі мясцовыя мастакі, у тым ліку і Кастусь Харашэвіч. Але прапановы мастакоў былі адхіленыя.
– Выкарыстоўваць рэлігійныя матывы ў гербе горада – непаслядоўна, – мяркуе мастак. – Тады трэба, каб і кіраўнікі горада былі духоўнымі асобамі. Але раз кіраўніцтва ў нас свецкае, то і афіцыйная эгіда павінна быць свецкай.
Да таго ж, Беларусь – дзяржава шматканфесійная. Таму аддаваць перавагу толькі адной з іх не зусім справядліва. Але, як мы ведаем, рэлігія ва ўсе часы была цесна звязаная з палітыкай. І калі герб павінен падкрэсліваць індывідуальнасць горада, то “Папараць” была найлепшым варыянтам.
Навуковы супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне Барыс Бароўcкі патлумачыў, чаму менавіта існуючы герб заняў сваё месца:
– Справа ў тым, што на плошчы Старое Места стаіць самы старажытны храм на Маладзечаншчыне – “Свята-Пакроўская царква”. А ў гэтай царкве найбольш старажытны абраз – “Пакроў Прасвятой Багародзіцы”. Таму яго і абралі гербам як сімвал прытрымлівання традыцый духоўнасці.

Для таго, каб даведацца, ці лічаць прадстаўнікі іншых канфесій выбар у якасці герба праваслаўнага абраза несправядлівым, мы звярнуліся да ксяндза-пралата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага:
– Ведаеце, пра чалавека, у якога памёр бацька, кажуць, што ён паўсірата. А калі памерла маці, то гэта ўжо сірата. Так і пра народ, які не шануе духоўных традыцый, можна сказаць, што ён сапраўды стаў сіратой.
Зоя ХРУЦКАЯ.

• Текст доступен на языке: Русский