Якая капуста ўтрымлівае менш нітратаў – вырашчаная на прыватным агародзе ці ў сельгаскааператыве? Карэспандэнты “РГ” зрабілі “кантрольную закупку”.

І здалі качаны на аналіз у Маладзечанскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Нітратаў аказалася больш за дапушчальны ўзровень ў абодвух выпадках.

Мы куплялі і насілі на даследаванне самы звычайны від – белакачанную капусту: да пекінкі, чырвонакачаннай, квяцістай і іншых, як менш распаўсюджаных і запатрабаваных, не прыцэньваліся.

Белакачаннай на рынку райспажыўтаварыства хапала – вялікая і маленькая, у мяхах-сетках і вольнымі горкамі. Так што качан ад сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва купілі хутка. Па словах прадаўца, гэта была капуста адной з гаспадарак Вілейскага раёна.

А вось “свойскую” гародніну, з прыватнага агарода, давялося пашукаць. Напрыклад, Алена Вайцяховіч з Маладзечна, якая мае дачу ў Заскавічах, прадавала ў той дзень і гарбузы, і кабачкі, і фасолю, і часнок… “Гарбузы выраслі – па 36 кілаграмаў. А капусту я сёлета ў сырым месцы пасадзіла – не ўрадзіла. Толькі сабе паесці – на продаж не нашу”, – патлумачыла яна.

Нарэшце качан з прыватнага агарода знайшоўся. Прадавец расказала, што рос ён у Самалях.

“Дамашні” качан.

Два выбраныя намі прадстаўнікі капуснага роду вельмі адрозніваліся: “кааператыўны” быў маленькі, круглы, зялёны, лісты скручаныя шчыльна, “прыватны” – пляскаты, белы з жоўтым адценнем, рыхлы.

“Сваякі”, але такія розныя.

Абодва адправіліся ў лабараторыю Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Там нас адразу папярэдзілі, што вынік аналізу будзе не зусім паказальны, бо наш метад адбору (прыйшоў, убачыў і купіў адзін качан) зусім не навуковы. “Метады падрабязна распісаныя ў спецыяльным дакуменце, стандарце, які ўстанаўлівае правілы адбору проб і дастаўкі іх у лабараторыю. Гэта робяць падрыхтаваныя спецыялісты. Трэба браць некалькі раслін з розных пунктаў поля – адзін качан не паказчык. Так што мы дадзім заключэнне толькі на гэтыя два экземпляры”, – патлумачыла загадчыца лабараторыі санітарнахімічных і таксікалагічных метадаў даследавання Наталля Гузеева.

Аналіз на ўтрыманне нітратаў праводзіць фельчар-лабарант Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ларыса Свірыдзёнак.

Для аналізу капусту, як і любую іншую гародніну, рэжуць і моцна здрабняюць. Заліваюць хімічным рэактывам, даюць адстаяцца. Затым прыступаюць да ўласна аналізу паказанняў прыбора. У абодвух прынесеных намі качанах нітратаў утрымлівалася больш за дапушчальны ўзровень. Масавая доля нітратаў у “кааператыўнай” капусце склала 607 міліграмаў на кілаграм, у “прыватнай” – 541 міліграм на кілаграм. Пры дапушчальным узроўні для капусты позніх сартоў 400 мг/кг. Узровень перавышаны адпаведна ў 1,51 і 1,35 раза. Спецыялісты цэнтра гігіены патлумачылі, што выпадковае ўжыванне такой гародніны для чалавека хоць і несмяротнае, але непажаданае.

Так праходзіць аналіз.

Так што варта паклапаціцца пра сваё здароўе і пацікавіцца ў прадаўца вынікамі аналізу тавару. “Мы кантралюем прадукцыю, якую нарыхтоўваюць дзіцячыя сады, школы, лячэбныя ўстановы… Сельскагаспадарчыя кааператывы павінны здаваць вырашчанае ў акрэдытаваную аграхімлабараторыю, якая па выніках аналізаў выдае сертыфікат адпаведнасці прадукцыі. Прыватныя вытворцы атрымоўваюць допуск да продажу ў лабараторыях на рынках. Пакупнік мае права запытаць у прадаўца гэты дакумент і ўбачыць яго. Аднак большасць людзей глядзіць найперш на цану, а не на гарантыю якасці прадукцыі”, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” галоўны доктар занальнага ЦГіЭ Міхаіл Грабоўскі.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО, Зоі ХРУЦКАЙ.