У пятніцу, 19 лістапада, у Палацы культуры адбылося свята “Гэта мой край!” да Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

Яго сімвалам стаў вялікі каравай, спечаны з мукі сёлетняга ўраджаю. На працягу ўсёй урачыстасці ён стаяў у цэнтры сцэны.

Пераможцаў раённага спаборніцтва, ветэранаў працы і усіх хлебаробаў Вілейшчыны з прафесійным святам віншавала раённае кіраўніцтва, лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці.

З асноўным дакладам выступіў старшыня Вілейскага райвыканкама Яўген Сініла. Ён падзякаваў працаўнікам сельскай гаспадаркі і перапрацоўваючай прамысловасці за нялёгкую працу, вынік якой залежыць не толькі ад іх, але і ад надвор’я, агучыў канкрэтныя лічбы.

Усяго на Вілейшчыне намалацілі амаль 64 тоны збожжа. Ураджайнасць складае амаль 25 цэнтнераў з гектара. Найбольшай ураджайнасці, каля 44  цэнтнераў з гектара, дасягнула Вілейская сортавыпрабавальная станцыя..

Вырас валавы надой. За 10 месяцаў у раёне атрымалі амаль 50 тысяч тон малака. Самы высокі ўдой на карову, больш за 5 тысяч кілаграмаў, – у СВК “Нарачанскія зоры”.

Больш чым на тры тысячы вырасла пагалоўе свіней, цяпер у гаспадарках раёна іх амаль 45 тысяч. Найбольшае прыбаўленне,  на 900 галоў, – у падсобнай гаспадарцы “Вілейскі камбікормавы завод”.

Удзельнікаў урачыстасці сустракалі адразу на ўваходзе ў Палац культуры. Тут размясцілі імправізаваны сялянскі падворак, на якім гаспадары ў нацыянальным беларускім адзенні віталі гасцей.

На першым паверсе прапаноўвалі сваю прадукцыю перапрацоўчыя прадпрыемствы. І малочныя, і хлебабулачныя вырабы былі тут толькі з вілейскай сыравіны.

На другім размясцілі дзве выставы: вырабы з лазы майстроў Вілейшчыны і кампазіцыі пад агульнай назвай “Восеньскія дары”. Яе экспанаты падрыхтавалі работнікі Дамоў культуры раёна – кветкі з фасолі, парасят і рыбак з кабачкоў, бабулю з гарбуза.

Для хлебаробаў выступалі народны калектыў аўтарскай песні “Элегія”, узорная эстрадная студыя “Экспромт”, выхаванцы дзіцяча-юнацкай школы Алімпійскага рэзерву і іншыя калектывы Вілейшчыны.

Каравай для новай сям’і

Які шлях праходзіць зерне ад поля да нашага стала, пакуль не стане духмяным хлебам, прадэманстравалі ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага ансамбля “Грамнічкі” і ансамбля танца “Карусель”. Нумар “Як з’яўляецца хлеб” яны зрабілі пад кіраўніцтвам Алесі Супрановіч, дырэктара Палаца культуры.

У інтэрв’ю “РГ” Алеся Супрановіч расказала, што рыхтавала свята да Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці трэці раз. Кожны год яна імкнецца адлюстраваць у першым нумары праграмы спецыфіку працы хлебароба. Хоць свята тычыцца і жывёлагадоўчай, і перапрацоўчай галіны, усяму пачатак – хлеб.

– Ад нараджэння хлеба да нараджэння новай сям’і – такой была асноўная задума сёлетняй праграмы, – расказвае дырэктар Палаца культуры. – Таму і каравай, які стаяў у цэнтры сцэны, – незвычайны, абрадавы.

Згодна з традыцыямі, пекары Вілейскага хлебазавода зрабілі каравай для заручын. Яго ўпрыгожылі фігуркамі маладых, чырвонымі стужкамі – сімваламі здароўя і шчаслівага сямейнага жыцця, пасадзілі двух галубоў – сімвалаў кахання. Упрыгажэнні зрабілі з цеста.

Для беларусаў гэта традыцыйна: як сабралі ураджай, святкуюць Багач. А калі Багач багаты – можна і вяселле ладзіць. Таму заканамерна, што апошнім нумарам на свяце хлебаробаў была інсцэніроўка абраду “Вілейскія заручыны” студыі традыцыйнай культуры і святаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Высоцкага.

Павіншуйце сваіх знаёмых!

У дзень прафесійнага свята ўзнагароды атрымалі ветэраны сельскагаспадарчай працы, пераможцы раённага спаборніцтва, маладыя работнікі вёскі. Усе яны атрымалі ганаровыя граматы, кветкі і грашовыя прэміі.

Пераможцаў раённага спаборніцтва на вясенняй сяўбе раздзялілі на тры намінацыі.

На ўнясенні мінеральных угнаенняў:

Віталь Баслык, механізатар “Вілейскага камбікормавага завода”,

Іван Жаброўскі, механізатар РСУП “Першы Беларускі”,

Міхаіл Пашкевіч, механізатар СВК “Чурлёны”.

На падрыхтоўцы глебы:

Мікалай Асаднік, механізатар ЧСУП “Вілія-Агра”,

Валянціна Ляшко, механізатар філіяла “Юнік-Агра”,

Сяргей Кубліцкі, механізатар “Вілейскага райаграсэрвіса”,

Сяргей Шушкевіч, механізатар філіяла “Аграфірма “Ілья” ЗАА “Ростэм”.

На сяўбе яравых збожжавых:

Аляксей Шмагароў, механізатар філіяла “Вязынскі”,

Віктар Аўгусціновіч, механізатар СВК “Сцешыцы”,

Андрэй Селязнёў, механізатар ЧСУП “Вілія-Агра”.

Пераможцы раённага спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў:

Андрэй Ніжнік, трактарыст-машыніст “Першы Беларускі”,

Уладзімір Апанасёнак, трактарыст-машыніст СВК “Новая Любанія”,

Юры Цауна, трактарыст-машыніст УП “Даўгінава”,

Аляксей Каліноўскі, вадзіцель УП “Даўгінава”,

Аляксандр Падгайскі, вадзіцель ЧСУП “Вілія-Агра”,

Ігар Мікуліч, вадзіцель Вілейскага камбікормавага завода.

Пераможцы сярод экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў:

Экіпаж у складзе Пятра Бялкова і Дзмітрыя Бельскага, філіял “Юнік-Агра”,

Экіпаж у складзе Станіслава Калягі і Аляксандра Калягі, РУП “Даўгінава”,

Экіпаж у складзе Мікалая Гарэліка і Віктара Ганчарыка, СВК “Нарачанскія зоры”.

Пераможцы раённага спаборніцтва сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня ад камбайнаў:

Мікалай Ляшкевіч, вадзіцель філіяла “Юнік-Агра”,

Сяргей Каспяровіч, вадзіцель РУП “Стайкі”,

Пётр Паслед, вадзіцель СВК “Вілейскі”,

Мікалай Лісіца, вадзіцель СВК “Язні”,

Анатоль Баравы, вадзіцель СВК “Чурлёны”,

Валеры Бахар, вадзіцель РСУП “Першы Беларускі”,

Сяргей Чараповіч, Аляксей Пушкін, Андрэй Ракецкі, Іосіф Юркевіч, машыністы зернесушыльных комплексаў РСУП “Першы Беларускі”.

Падзяку за павелічэнне вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за 9 месяцаў атрымалі:

Марына Сняткова, аператар машыннага даення “Вілейскага райаграсэрвіса”,

Аляксандр Ільін, аператар па вырошчванні буйнарагатай жывёлы старэйшай за 6 месяцаў СВК “Нарачанскія зоры”,

Таіса Аксючыц, аператар па вырошчванні буйнарагатай жывёлы філіяла “Бубны” УП “Мінгаз”,

Людміла Пабойнева, аператар па адкорме свіней РСУП “Першы Беларускі”,

Станіслаў Уладыка, тэхнік-асемінатар СВК “Чурлёны”,

Соф’я Паўловіч, загадчыца фермай “Асіпавічы” “Вілейскага райаграсервіса”.

Узнагародзілі і маладых спецыялістаў:

Юрыя Ардзяку, вадзіцеля СВК “Іжа”,

экіпаж збожжаўборачных камбайнаў у складзе Мікалая Меціка і Юрыя Анасовіча, “Вілейскі камбікормавы завод”.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.