У стане поўнай адсутнасці памяці знаходзіўся 41-гадовы жыхар вёскі Сэрвач Касцяневіцкага сельсавета Леанід С., якога пракуратура абвінаваціла ў жорсткім забойстве сваёй 78-гадовай маці і 10-гадовага сына.

Трагедыя адбылася 20 верасня ў Сэрвачы.

Паводле заключэння стацыянарнай комплекснай судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, Леанід пакутуе на параноідную шызафрэнію. Ён мае патрэбу ў прымусовых мерах бяспекі і лячэння ў псіхіятрычнай бальніцы са строгім наглядам.

Следчы аддзел пракуратуры Мінскай вобласці перадаў у суд справу па абвінавачанні Леаніда С. у наўмысным забойстве двух чалавек, заведама састарэлага і малалетняга ўзросту, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю.

Следства ўстанавіла: 20 верасня каля 7 гадзін раніцы ў сваім доме Леанід драўлянай палкай нанёс сваёй маці не менш за 12 удараў па галаве і не менш за 5 удараў па руках. Пасля гэтага мужчына пачаў збіваць сына, які бачыў, як бацька б’е яго бабулю. Хлопчыка ён ударыў не менш за 4 разы па галаве і не менш за 2 разы па тулаве.

Ад ран бабуля і яе ўнук памерлі на месцы здарэння.

Па крымінальнай справе пацярпелай прызнаная жыхарка вёскі Сцешыцы 40-гадовая Кацярына Т., сястра абвінавачанага і дачка забітай. На допыце яна расказала следчаму пракуратуры, што яе брат пакутаваў на псіхічнае захворванне, неаднаразова лячыўся ў псіхіятрычнай бальніцы, злоўжываў спіртнымі напоямі.

Напярэдадні здарэння, 19 верасня, Кацярына прыязджала ў Сэрвач, каб праведаць маці. Тая скардзілася дачцэ, што Леанід біў сына, а калі бабуля заступілася за ўнука, атрымала ўдар і сама. Сястра зрабіла брату заўвагу, пасля гэтага яны пасварыліся.

Знаёмы Леаніда з вёскі Людвінова, які праходзіў па справе як сведка, расказаў падчас следства: у той жа дзень, 20 верасня, яны ў Людвінове разам выпівалі. Падчас распівання спіртнога Леанід сказаў, што не пойдзе дамоў, бо там мора крыві. Сведка кажа: не прыняў гэтыя словы ўсур’ёз, бо такія рэчы Леанід гаварыў часта.

І ўсё ж дамоў ён вярнуўся. На наступны дзень раніцай да Леаніда, каб выпіць, зайшоў яшчэ адзін знаёмы. У пакоі дома на падлозе мужчына ўбачыў мёртвую маці гаспадара, а на канапе – мёртвага хлопчыка. У гэты момант, па словах сведкі, са свайго пакоя выйшаў Леанід, паказаў на маці з сынам і сказаў: “Я забіў ведзьму і ведзьмака”.

У ходзе папярэдняга расследавання з-за псіхічнага стану Леаніда аказаўся немагчымым яго ўдзел у правядзенні следчых дзеянняў. Цяпер ён чакае суда.

Іван МАЛАФЕЙ, следчы следчага аддзела пракуратуры Мінскай вобласці.

Сяргей ЗЯНЬКО.