Жывую елку ці сасну можна будзе купіць ужо ў пятніцу, 10 снежня. Аб гэтым паклапаціліся супрацоўнікі Маладзечанскага лясгаса, якія штогод рыхтуюць на продаж 6-7 тысяч святочных дрэў.

Аляксей Вяжэвіч, ляснік Маладзечанскага лясніцтва, на плантацыі елак, якія ён даглядае.

Як людзі ў зялёнай форме забяспечваюць нашы дамы водарам Новага года, для “РГ” расказаў Андрэй Шыбека, галоўны ляснічы Маладзечанскага лясгаса.

Адкуль бяруцца навагоднія ёлкі?

У Маладзечанскую лясную гаспадарку ўваходзяць пяць лясніцтваў: Гарадоцкае, Красненскае, Лебедзеўскае, Маладзечанскае, Радашкавіцкае. Усяго ў іх працуе 90 леснікоў. Плантацыі, дзе вырошчваюць абавязковы атрыбут Новага года – елкі, ёсць у кожным лясніцтве.

Рыхтуюць і сосны, звычайна яны складаюць 15% ад агульнай колькасці святочных дрэў. Іх спецыяльна не вырошчваюць, а проста ссякаюць пры неабходнасці ў лесе.

Для пасадкі елак падыходзіць не любы ўчастак. Глеба павінна быць багатая, звычайна сугліністая, вільготная. Каб дрэва атрымалася пушыстым, месца выбіраецца добра асветленае.

Участак рыхтуюць вясной: высякаюць лісцевыя дрэвы і прыбіраюць смецце. Потым леснікі уручную садзяць дрэўцы.

Два разы за лета на кожнай плантацыі косяць траву і кустоўе. Елкі ахопліваюць супрацьпажарнымі палосамі. Зімой ніякага догляду святочнае дрэва не патрабуе.

Якімі растуць ельнікі?

Праз некалькі гадоў з саджанцаў атрымліваецца сапраўдны ельнік –  густы цёмны  лес з тоўстай посцілкай. Таму тут добра растуць грузды, рыжыкі, апенькі.

А вось ягады не вельмі развіваюцца, звычайна тут растуць толькі чарніцы. У ельніках падабаецца дзікам, ды і ласі маюць шкодную звычку – згрызаць верхавінкі маладых хваёвых, таму плантацыі трэба добра абгарадзіць.

Па словах Андрэя Шыбекі, у 2003-2005 гадах беларускі лес панёс сур’ёзныя страты. З-за засухі надзвычай актыўна сталі размнажацца караеды, якія аблюбавалі елкі.

У выніку многія дрэвы ссохлі, і чыстыя ельнікі засталіся ў асноўным у Лебедзеўскім лясніцтве. Таму даводзілася засаджваць гэтымі дрэвамі не толькі навагоднія плантацыі, але і звычайны лес.

Ці выгадна вырошчваць елку?

Для лясгаса вырошчванне навагодніх дрэў – гэта ў першую чаргу абавязак. Рэнтабельнасць справы мінімальная: кошт толькі пакрывае выдаткі на зарплату рабочым, транспарціроўку.

Продаж жывых елак на Маладзечаншчыне – бясспрэчная манаполія лясгаса. Асноўны канкурэнт для іх – толькі прадаўцы штучных.

Самая танная штучная вышынёй да паўметра каштуе каля 40 тысяч рублёў. За гэтыя грошы можна набыць пяціметровую жывую елку і яшчэ застанецца на ўпрыгожванні. Але Андрэй Шыбека, напрыклад, не лічыць, што гэта раўназначная замена:

– Я наогул не падтрымліваю высечку дрэў. Але дзецям, безумоўна, хочацца свята. Тады трэба рабіць усё як найлепш. Каб было многа падарункаў пад сапраўднай ёлкай, якая пахне лесам.

Скласці канкурэнцыю лясгасу хоць хто-небудзь спрабуе штогод. Як правіла, крадуць елкі з лесу не прыватныя аматары адрэналіну, а ахвотнікі лёгкіх грошай. Але зімой усе сляды добра відаць, таму знайсці злачынцу вопытнаму лесніку не цяжка. Галоўнае, каб той не паспеў сесці ў машыну.

Тут на дапамогу работнікам лясніцтваў прыходзяць супрацоўнікі ДАІ і міліцыі. Перад Новым годам яны выязджаюць у спецыяльныя рэйды, каб лавіць елкакрадаў. Таму калі вы дрэва купілі, абавязкова нясіце яго ў адной руцэ, а ў другой – квіток, які прадаўцы даюць разам з елкай.

Калі за крадзяжом застануць прыватную асобу, яна можа атрымаць штраф памерам да 10 базавых велічынь, калі ж гэта прадпрымальнік нарыхтоўвае дрэвы для продажу – да 100.

Некаторыя людзі любяць самі ездзіць за елкамі ў лес. Пра іх паклапаціліся. Для гэтага трэба толькі аформіць у лясгасе адпаведны дазвол на адно ці некалькі дрэў. Каштаваць ён будзе прыкладна столькі ж, колькі дрэва, што прадаюць лясгасы ў горадзе.

Звычайна пік продажу елак – 24 і 28 снежня. Але знаходзяцца і тыя, хто набывае святочнае дрэва 31 снежня. Ім лепш за ўсіх: каля 18 гадзін елкі пачынаюць раздаваць бясплатна. Штогод некалькі чалавек і набываюць іх такім чынам.

Яны не толькі прыгожыя

Елкі толькі пад Новы год становяцца нейкімі асаблівымі красунямі. Увесь астатні час гэта звычайныя дрэвы, з якіх атрымліваецца выдатная сыравіна.

Маладзечанскі лясгас штомесяц адпраўляе 600 кубаметраў ёлачнага балансу на перапрацоўку. Каб атрымаўся баланс, леснікам трэба спілаваць дрэва і абсячы галінкі. Потым за матэрыялам прыязджае машына, якая вязе яго на чыгунку і загружае ў вагоны.

 Навагодняя красуня – адна з асноўных крыніц паперы. З яе атрымліваюцца бялюткія лісты выдатнай якасці. Перапрацоўваюць маладзечанскую елку на цэлюлозу на заводах у Шклове, Сант-Пецярбургу, Калінінградзе, на некаторых прадпрыемствах Польшчы.

Да таго ж святочнае дрэва – незаменны матэрыял у будаўніцтве і вытворчасці мэблі. Калі елачная дошка высыхае, то атрымліваецца надзвычай лёгкай і ў той жа час трывалай.

Па сваіх знешніх характарыстыках елка не цэніцца, бо не адносіцца да высакародных дрэў. Таму вытворцы мэблі робяць так: каркас майструюць з елкі, а потым абіваюць яе высакародным дубам, ясенем ці клёнам.

– Зрэшты, у прыродзе няма нічога лішняга, – адзначае галоўны ляснік. – Я магу пра ўсе дрэвы расказаць, як зараз пра елку. Яны ж як дзеці – нельга адно любіць больш за астатнія, бо ідэальныя ўсе.

Пасля балю

Навагоднія святы заканчваюцца, і ў кожным доме даводзіцца наводзіць паслясвяточны парадак. І ёлка адпраўляецца на гарадскі сметнік, скідаецца да іншых драўляных адходаў і становіцца ежай для мікраарганізмаў.

– Гэта натуральны працэс называецца кругаваротам у прыродзе, – гаворыць Андрэй Шыбека. – Але на святы заўсёды хочацца чагосьці новага, і мы ідзём насустрач жаданням спажыўцоў.

Таму ў гэтым годзе пасадзілі навагоднія дрэвы ў гаршкі. Прычым не толькі елку, але і ядловец, кіпарысы, піхту. Не садзілі толькі сасну, бо вырашчаная ў гаршках яна атрымліваецца не такой галіністай.

Ужо ў наступным годзе святочнае дрэва ў гаршку можна будзе купіць ці ўзяць напракат. Галоўны ляснічы лічыць, што гэта будзе карыстацца папулярнасцю, улічваючы сусветныя тэндэнцыі аховы прыроды.

Кошт на навагоднія дрэвы Маладзечанскага лясгаса для прыватных асоб:

Вышыня дрэва

Кошт (з улікам ПДВ)

1

ад 0,5 да 1 метра

11 000

2

ад 1,001 да 2 метраў

16 000

3

ад 2,001 да 3 метраў

19 000

4

ад 3,001 да 4 метраў

25 000

5

ад 4,001 да 5 метраў

32 000

Каб свята доўжылася пабольш, правільна выбірайце навагодняе дрэва:

1.   Глядзіце на агульную прывабнасць, каб дрэва не было памятым і пашкоджаным.

2.   Пацягніце за іголачкі. Калі яны лёгка адрываюцца – дрэва нясвежае, сухое.

3.   Дома пастаўце ў ёмістасць, у якую налівайце як мага больш і часцей вады. Тады яно будзе менш асыпацца.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Андрэя ШЫБЕКІ.