Больш за 50 гадоў дзядзька Іван жыве ў вёсцы Варона. Але калі часам людзі пытаюцца, адкуль ён родам, кажа, што з Нідзянскіх хутароў. Дзе быў у іх сям’і дом і яблыневы сад. Ажно ў 106 дрэў.

Ён і сёння б жыў на тым хутары, пабудаваўшы побач з бацькавай хатай свой дом. Ды палітыка ў 50-х была такая: усіх зганялі ў вёскі.

 “Будавацца асабліва не было за што, – успамінае Іван Янкойць, – адпрацаваў у калгасе год – атрымаў у канцы зарплату. 170 кілаграмаў жыта. Ці ж на іх разгонішся”.

Іван Янкойць жыве ў вёсцы Варона Астравецкага раёна. Усё жыццё мужчына працаваў у калгасе. А як выйшаў на пенсію, стаў займацца разьбой па дрэве. Славіліся ў вёсцы і сплеценыя яго рукамі кошыкі.

Выручалі яблыкі з бацькавага сада. Вазіў іх прадаваць і ў Вільню, і ў Маскву, а за заробленыя грошы купляў дрэва, цвікі, плаціў рабочым. У сталіцы СССР за кілю яблыкаў масквічы давалі па восем рублёў. А чэргі стаялі такія, што не было часу закурыць.

Беларуская Антонаўка ляцела там як маланка. А за Шаракамі, іх там называлі Анісы, выстройваліся велізарныя чэргі. “Неяк падышоў да мяне палкоўнік, – успамінае Іван Іосіфавіч. – Просіць: дай выбраць сыну яблычкаў. На Далёкі Усход хачу пасылку адправіць. Заплачу дорага, па 10 рублёў. Ну, як чалавека не выручыць. І так у мяне пасля яго гандаль пайшоў, што нават пабітыя яблыкі разабралі”.

Са сваім таварам у Маскву ён ездзіў два разы. А вось у Вільню, дык і злічыць цяжка. Яна ж блізка, пад бокам. Бывала, па два дні на рынку стаяў. А грошы ўкладаў у будоўлю.

Хата ў Янкойцяў глінабітная. Гаспадар кажа, што на ўсю іх вёску такія толькі дзве. Сыравіну на яе вазіў з кар’ера, што ў Кавалях. На сцены пайшло 106 вазоў гліны. Кожны з іх нагружаны лапатай, уручную.

“Канешне ж, можна было купіць на дом і дрэва, і цэглы. Усё гэта прадавалася, – разважае мужчына. – Ды дзе грошы такія было ўзяць. Гэта пасля, калі крыху разбагацеў, абклаў цэглай, патынкаваў. Хата нішто сабе. Моцная, столь высокая. І цяпло трымае”.

Жонку сабе ён прыгледзеў на суседнім хутары. На заляцанні асабліва часу не было. Прыйшоў да яе бацькоў, з парога папрасіў: ”Аддайце мне ў жонкі Веру”.

Дзяўчына пагадзілася стаць гаспадыняй у хаце Янкойцяў. І гаспадарку, нягледзячы на маладосць, вяла спраўна. Радаваўся яе ўвішнасці свёкар. Бо вельмі стаміўся быць у хаце і за гаспадара, і за гаспадыню. Жонка хварэла, 12 гадоў праляжала ў ложку, і ўся работа была на ім.

За свой сад, сваю зямлю дзядзька Юзік трымаўся да апошняга. Толькі ўжо калі абрэзалі яе па самыя вуглы, абклалі падаткамі і паабяцалі, што вывезуць у Сібір, заплакаў, і пайшоў у калгас.

Некалькі дзён капалі яны з сынам маладыя дрэўцы і перавозілі ў Варону, на Іванаву сядзібу. Пасля глядзелі за імі, як за малымі дзецьмі. Яблыні прыжыліся, увабраліся ў сілу, некаторыя з іх даюць ураджай па сённяшні дзень.

Амаль усё сваё жыццё Іван Янкойць працаваў у калгасе. “Малочнатаварная ферма “Варона”, якой я загадваў, – успамінае мужчына, — першай у раёне надаіла на карову чатыры тысячы літраў малака. Даярка Малання Жыліс стала дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Узнагародзілі і мяне, як лепшага загадчыка. Толькі вось медалі паказаць не магу. Унучка ў Ліду забрала”.

Пакуль пайшоў на пенсію, змяніў не адну пасаду і работу. Куды начальства пасылала, туды і ішоў. Не будзеш жа спрачацца. А як уручылі пенсійную кніжку, стаў займацца справай для душы – рэзаць па дрэве. Карнізы, зробленыя рукамі мужчыны, упрыгожваюць не толькі яго ўласны дом. Шмат іх зрабіў і на заказ. Кажа, што браўся за работу толькі ў добрым настроі, бо хацелася, каб рэчы прыносілі людзям радасць.

Рабіў і прыгожыя рамкі для фотаздымкаў, вешалкі для адзення, плёў кошыкі. Кажа, што гэтаму рамяству ніколі не вучыўся. Выходзіла ўсё неяк само па сабе. Браў у рукі дошку, ножык і… тварыў. А кошыкі нараджаліся з дапамогай дроту і шпагату. Прыгожыя выходзілі. Ёмкія, зручныя.

Цяпер, праўда, работу закінуў. Кажа, што матэрыялу спадручнага няма, ды і здароўе не тое: вельмі баляць рукі. Тры гады таму па гэтай жа прычыне прадалі з жонкай карову. Не змог гаспадар накасіць на рагулю. Ды і прывезці тое сена няма на чым. На ўсю вёску адзін калгасны конь.

З гаспадаркі цяпер у іх засталося толькі пяць курэй, сабака ды кот. “Душа баліць, калі гляджу, як усё марнуецца, – прызнаецца гаспадар, – травы растуць у пояс, а касіць няма каму. Не трымаюць цяпер людзі жывёлу. Нават маладыя стараюцца пражыць лягчэй. Тры вёскі ўжо кароў у адзін статак зганяюць. А колькі іх там? Не больш за 60. Былі часы, што ў адной Вароне столькі налічвалася. Некаторыя гаспадары нават па дзве каровы трымалі. Малако ў калгас здавалі. Каб жа якую капейчыну зарабіць. Ды і самі елі. І малако, і смятану, і масла. А цяпер, відаць, усяго хапае. Паліцы ў магазінах ад розных прадуктаў ломяцца. Толькі – купляй”.

У вольныя хвіліны, а іх цяпер у Івана Янкойця шмат, ён часта ўспамінае сваю маладосць, жыццё ў бацькоўскім доме на хутары. І яблыневы сад. Які і карміў, і паіў, і будавацца дапамагаў…

Марына СЛІЖ.

Фота Марыны СЛІЖ.