На мінулым тыдні ў Палацы культуры адбыўся канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага вучылішча імя Агінскага пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Рыгора Сарокі.

Думка пра гэты канцэрт з’явілася ў кіраўніка аркестра яшчэ летам, а замацавалася падчас гастрольнай паездкі па гарадах Польшчы ў верасні гэтага года. Аматары музыкі і прафесіяналы цёпла віталі як даўно сфарміраваныя ансамблі сімфанічнага аркестра і салістаў Маладзечанскага моладзевага музычнага народнага тэатра, так і прэм’ернае супрацоўніцтва з польскім музыкантам Войтэкам Брадоўскім у выкананні канцэрта для скрыпкі з аркестрам рэ-мажор Чайкоўскага.

У Маладзечанскім Палацы культуры адбыўся канцэрт сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага вучылішча пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Рыгора Сарокі. Салісты Вераніка Жданюк і Войтак Брадоўскі.

Першае аддзяленне

Калектыў здолеў адметна ўзнавіць і праграму, якая складалася з твораў эстонскіх кампазітараў. Яна патрабавала сур’ёзнага падыходу: тэхналагічна складанае выкананне вялікай колькасці сольных эпізодаў, разнастайныя вобразныя адценні – ад рамантычнага канцэрта для фартэпіяна з аркестрам Лембы да багацця жанравых замалёвак эстонскай народнай музыкі (сюіта з балета “Калевіпаэг” Капа).

Работа сімфанічнага аркестра над рэпертуарам завяршылася ўдалым выкананнем усіх задум у канцэртнай зале, якая была напоўненая прыхільнікамі творчасці гэтага калектыву. Канцэрт наведалі старшыня райвыканкама Фёдар Дамаценка, прадстаўнікі Мінскай вобласці, сябры са  Смаргоні, а таксама дэлегацыі з Польшчы на чале з бізнесменам, дырэктарам фірмы “Магнум Бонум” Веславам Брадоўскім і з Эстоніі, якую прадстаўляў спявак і пісьменнік Томас Кутэр.

Гледачы шчыра суперажывалі і радаваліся паспяховаму выкананню канцэрта для фартэпіяна Лембы: салістка Вераніка Жданюк – выкладчыца і канцэртмайстар Маладзечанскага музычнага вучылішча, выпускніца Львоўскай кансерваторыі імя Лысенкі – цалкам адпавядала гэтаму пяшчотнаму, рамантычнаму, меладычнаму і вытанчанаму твору. У класічныя структуру і вобразны змест кампазітар прыўнёс хваляванне юнацтва, свежасць, парыў і палкасць, а піяністка з дапамогай аркестра і яго салістаў-канцэртмайстраў увасобіла гэту задуму. Плённае супрацоўніцтва Веранікі Жданюк з сімфанічным аркестрам і дырыжорам Рыгорам Сарокам – адна з прэм’ер музычнай вечарыны.

Вельмі цікава і загадкава прагучала сюіта з балета “Калевіпаэг”. Шэсць п’ес народна-жанравага характару, якія адлюстроўвалі і эстонскі фальклорны каларыт (карэла-фінская полька, танец пастухоў і пастушак, танец ветру, народны танец), і легендарнасць, эпічнасць, былі выкананыя ўпэўнена і ярка.

У гэтай сюіце слухачоў парадавалі тонкае агучванне саліруючых эпізодаў многіх інструментаў: займальна было назіраць за зіхаценнем бліскучых аркестравых красак, якія дэтальна пазначаныя ці толькі намечаныя аўтарам.

Другое аддзяленне

Другое аддзяленне пачыналася прэм’ерным выкананнем канцэрта для скрыпкі з аркестрам Чайкоўскага (2 і 3 часткі) Войтэкам Брадоўскім – студэнтам 5 курса Познанскай акадэміі музыкі імя Падарэўскага. Скрыпач уважліва выканаў парады дырыжора, што дапамагло яму добра прагучаць на сцэне. Маладому музыканту магчымасць супрацоўніцтва з дасведчаным дырыжорам і аркестрантамі дапаможа ў раскрыцці яго творчага патэнцыялу і ў далейшым прафесійным станаўленні.

У другім аддзяленні канцэрта слухачы пазнаёміліся з прэм’ерамі ў рэпертуары сімфанічнага аркестра. Настальгію выклікала музыка да кінафільма “Апошняе лета дзяцінства” Глебава. Рытмічная строгасць, маршавасць, некаторая іронія ў аркестроўцы чаргаваліся з лёгкасцю і сардэчнасцю гучання.

Высокую выканальніцкую культуру, прафесіяналізм і выразнасць прадэманстраваў скрыпач Аляксандр Баравік у “Цыганскай рапсодыі” Левашкевіча. Гэты твор – таксама адна са шматлікіх прэм’ер канцэрта. Для выканання было ўласціва працяглае нагнятанне напружання ў сакавітых мелодыях павольнай часткі і святочны феерверк эмоцый у тэмпераментным гарачым фінальным танцы.

Канцэрт сімфанічнага аркестра зноў пацвердзіў каштоўнасць асветніцкіх выступленняў калектыву, энтузіязм і апантанасць яго нязменнага кіраўніка Рыгора Сарокі. У планах сімфанічнага аркестра – канцэрт вакальна-харавой музыкі ў лютым 2011 года, падрыхтоўка да гастрольнай паездкі ў Польшчу і чарговага сумеснага выступлення з Войтэкам Брадоўскім, а таксама работа над падрыхтоўкай оперы “Кармэн” з калектывам Маладзечанскага моладзевага музычнага народнага тэатра.

Яўгенія МАЦКЕВІЧ, выкладчыца Маладзечанскага музычнага вучылішча.

Фота Яўгена СТЭЛЬМАХА.