Немцы акупавалі Даўгінава ў 1941-м. Да лета 1942-га ў мястэчку, дзе налічвалася пяць тысяч яўрэяў, у жывых засталося 278 чалавек. Тыя, хто пайшоў у лес і сумеў схавацца. Іх вывеў за лінію фронту партызан Мікалай Кісялёў. Аб сваім подзвігу гэты чалавек не расказваў да канца сваіх дзён.

Дакументы аб паходзе Кісялёва знайшла дырэктар Музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі кандыдат гістарычных навук Іна Герасімава. У архіве ЦК КПБ яна ўбачыла рапарт аб выкананым даручэнні, у якім былі пералічаныя імёны і прозвішчы выратаваных.

Са спіса Кісялёва да сённяшняга дня ў жывых засталося толькі 14 чалавек. Сярод іх – Шымон Хеўлін. Ураджэнец Даўгінава, сёння – жыхар Ізраіля.

“Шымон Хеўлін прыязджаў у Даўгінава ў красавіку 2005 года, – расказвае кіраўнік спраў Даўгінаўскага сельвыканкама Галіна Ханашчак. – Па сённяшні дзень у нас захоўваецца завераны гербавай пячаткай яго ўспамін пра дарогу выратавання  ў 1500 кіламетраў”.

“Мне цяжка ўспамінаць. Жудасна. Але я гатовы зноў перажыць гэты боль, каб увесь свет даведаўся пра подзвіг Кісялёва, каб ён па праву атрымаў званне Праведніка свету”, – піша Шымон Хеўлін. Мужчына лічыць, што іх выратавальнік не проста выконваў загад. Ён быў сапраўдным чалавекам. Здольным разумець, любіць, суперажываць.

Подзвіг Кісялёва

Да лета 1942 года ў мястэчку Даўгінава ў жывых засталося 278 яўрэяў. Тыя, што схаваліся ў лесе. Усе яны прыбіліся да партызанскага атрада “Мсцівец”, які ўзначальваў Мікалай Кісялёў. У камандзіра не было магчымасці прыняць і ўтрымліваць усіх бежанцаў. Партызаны звярнуліся ў Маскву і атрымалі загад сабраць у лесе яўрэяў і вывесці за лінію фронту.

Двум чалавекам прапаноўвалі выканаць гэта заданне. Яны адмовіліся. Ніхто не мог ўявіць, як можна па акупаванай немцамі тэрыторыі вывесці такую групу людзей. Выконваць даручэнне ўзяўся сам Кісялёў.

Мікалай Кісялёў нарадзіўся ў 1913 годзе ў вёсцы Багародскае, каля Уфы ў сялянскай сям’і. У 1941 годзе закончыў Інстытут знешняга гандлю ў Ленінградзе і пайшоў дабравольцам на фронт. У гэтым жа годзе ў якасці палітрука ваяваў у Беларусі. Трапіў у нямецкі палон, але разам з таварышам здолеў збегчы. Абое яны саскочылі з цягніка. У іх стралялі, таму салдаты кінуліся ўрассыпную і страцілі адно аднаго.

Праз нейкі час Мікалай стаў членам падполля ў вёсцы Ілья, а затым узначаліў партызанскі атрад “Мсцівец”. На той час яму было 25 гадоў.

Да лініі фронту з Кісялёвым ішлі 270 чалавек, большасць з якіх – пажылыя людзі, жанчыны і дзеці. Групу суправаджалі шэсць партызанаў. Пераход доўжыўся больш за месяц. Двойчы атрад натыкаўся на нямецкую засаду, многія былі параненыя. Пасля аднаго з сутыкненняў недалічыліся 50 чалавек. Двух параненых – 77-гадовую бабулю і хлопчыка – давялося пакінуць у лесе. Яны бадзяліся там два гады і выжылі.

Згодна са спісам Кісялёва, у атрадзе налічвалася 35 дзяцей ад двух да 17 гадоў. Самая маленькая – Берта. Менавіта яе нёс партызан на руках, забраўшы ў бацькоў, якія хацелі ўтапіць. Сёння ў яе некалькі ўнукаў.

Адзін мужчына кульгаў. Быў без нагі. Кісялёў аддаў яму свайго каня. Па акупаванай тэрыторыі, больш чым 1500 кіламетраў, Мікалай Кісялёў вывеў за лінію фронту 218 чалавек.

Спіс Кісялёва

“Спіс Кісялёва”. Так называецца дакументальны фільм пра подзвіг камандзіра беларускага партызанскага атрада “Мсцівец” Мікалая Кісялёва, якому ў Ізраілі прысвоена званне Праведнік свету. Выратаваныя ім людзі, іх дзеці і ўнукі, якіх налічваецца больш за 2 тысячы чалавек, штогод збіраюцца у Тэль-Авіве 5 чэрвеня – у дзень апошняга расстрэлу Даўгінаўскага гета.

Стваральнікам дакументальнага фільма ўдалося знайсці 14 чалавек са “спіса Кісялёва”. Зараз яны жывуць у Ізраілі, ЗША, Расіі. У час вайны яны былі дзецьмі. Усе дарослыя члены спіса даўно памерлі.

Аўтар ўвекавечання памяці Мікалая Кісялёва – прадзюсер Якаў Калер. Фільм, які ён зняў з рэжысёрам Аляксеем Малюгіным, сцэнарыстам Аксанай Шапаравай і аператарам Сяргеем Старыкавым атрымаў 17 розных прызоў. І стаў яшчэ адным сведчаннем таго самага Халакоста, пра які нельга забывацца.

Мясцовая жыхарка  Галіна Ханашчак кажа, што “Спіс Кісялёва”, які не так даўно паказваў адзін з расійскіх каналаў, нельга глядзець без слёз. Бо ёсць у нашым жыцці тэмы, якія не старэюць…

З успамінаў Шымона Хеўліна

Я нарадзіўся ў 1929 годзе ў мястэчку Даўгінава Вілейскай вобласці (зараз Мінскай). У час вайны, калі сюды прыйшлі немцы, наша сям’я – бацькі і чацвёра дзяцей – аказалася ў гета, якое ўтварылася ў 1942 годзе. У сакавіку гэтага ж года ўсёй сям’ёй мы збеглі адтуль і схаваліся ў беларусаў Гараніных, якія добра ведалі маіх бацькоў. Але доўга там знаходзіцца мы не маглі, бо пра гэта даведаліся суседзі. Тады мы пайшлі ў лес, дзе хаваліся сем’і іншых яўрэяў з навакольных вёсак. Там мы пражылі да восені.

Было вельмі страшна. Баяліся паліцаяў, сялян, якія маглі нас выдаць. Вельмі галадалі. А восенню нас сабралі партызаны і сказалі, што павядуць праз лінію фронту да сваіх. Яўрэяў было шмат. Сярод іх зусім маленькія дзеці, старыя, жанчыны. Самым галоўным сярод нас быў партызан Кісялёў, якому дапамагала яшчэ некалькі партызан. Мой старэйшы брат Нахман, якому споўнілася 18 гадоў, таксама выконваў даручэнні Кісялёва.

Было ўжо холадна, калі мы пачалі ісці. Усе абарваныя, галодныя. Рухаліся  толькі ноччу, таму што баяліся немцаў, а днём сядзелі ў лесе. Кісялёў з партызанамі забяспечвалі нас ежай. Памятаю, што расказваў мой бацька (ён таксама часам дапамагаў Кісялёву). Аднойчы яны зайшлі ў вёску і ў адным з дамоў убачылі падвешаную цялячую тушу.

Кісялёў стаў тлумачыць гаспадару, што ў лесе сядзяць галодныя дзеці, жанчыны і старыя. Папрасіў ежы. “Для партызан і табе я даў бы, а для жыдоў нічога не дам”, – адказаў гаспадар. Тады Кісялёў сам забраў тушу і сказаў: “Пасля вайны аддам”.

Праз нейкі час па загадзе правадніка мы пакінулі гэты лес. Ён баяўся, што сяляне пойдуць за намі па следзе і прывядуць паліцаяў. Але на гэты раз усё закончылася добра.

Я захварэў і не мог ісці. Кісялёў сказаў людзям, каб вырашылі, што рабіць. Хтосьці прапанаваў пакінуць мяне ў лесе. Усе мы былі вельмі жорсткія ад страшнага нашага жыцця, і многія не хацелі думаць пра іншых. Тады мая мама сказала, каб і яе застрэлілі разам са мной. Кісялёў сказаў, што пойдзем разам. Мяне вялі пад рукі, бо сам я ўжо не меў сіл ісці. Але ў хуткім часе стаў папраўляцца.

Памятаю, як Кісялёў выратаваў яшчэ адну дзяўчынку з сям’і Крэмераў, якой было 3-4 гады. Яна ўвесь час плакала і прасіла есці. Мы баяліся, што з-за  яе нас знойдуць немцы. Бо ноччу ў лесе ўсё добра чутна.

Аднойчы дарослыя вырашылі, што яе трэба забіць, інакш загінуць усе. Маці завяла яе ў рэчку, каб утапіць. Дзяўчынка, напэўна, штосьці зразумела і сказала маме, што больш не будзе плакаць і стане слухацца дарослых. Людзі стаялі ля іх і плакалі  разам з бацькамі. У гэты час падышоў Кісялёў. Зразумеўшы ўсё, узяў дзяўчынку на рукі і ўсю астатнюю дарогу нёс. Ён аддаваў ёй свой хлеб. І на руках у партызана дзіця не плакала.

У час нашай дарогі было вельмі шмат страшных гісторый. Цяпер я разумею, што многія людзі з-за страху гублялі чалавечае аблічча. Кісялёў увесь час нас падтрымліваў.

Было холадна, калі мы змораныя, замерзлыя, абарваныя прыйшлі на станцыю. Кісялёў сказаў, што ўсім трэба абавязкова сесці на цягнік. Раптам наляцелі нямецкія самалёты і сталі кідаць бомбы. Мы спужаліся, што, столькі перажыўшы, можам загінуць. Хутка самалёты паляцелі далей, а мы сталі загружацца ў цягнік.

У гэты час прыбег мой бацька і сказаў, што Кісялёва арыштавалі. Усе людзі пабеглі на станцыю. Мой бацька і іншыя мужчыны сталі расказваць, што зрабіў для нас Кісялёў, і яго адпусцілі. 

Марына СЛІЖ.