Не ўсе падарункі, якія прыносіць Новы год, кладуць пад ёлку. Самыя дарагія якраз туды не пакладзеш. Гэта хлопчыкі і дзяўчынкі, якія з’явіліся на парозе свята і ў першыя дні 2011 года.

Самыя дарагія навагоднія падарункі пад ёлку не кладуць.

Першай у рэгіёне сёлета нарадзілася дзяўчынка ў Смаргоні. Свет яна ўбачыла праз дзесяць хвілін пасля бою курантаў. Маці Маргарыта Шахновіч і яе дачка, якую вырашылі назвалі Елізаветай, адчуваюць сябе добра, чакаюць выпіскі.

Дзве маладзечанскія маці далі жыццё на навагодняе свята дзяўчынкам. Адна з іх нарадзілася 31 снежня ў 22:05 і стала апошняй народжанай у Маладзечне ў 2010 годзе. Дзяўчынку назвалі Янай. А першай нованароджанай у 2011 годзе стала дзяўчынка Ксенія, якая ўбачыла свет 1 студзеня ў 21:05. За дзень да дня нараджэння сваёй маці.

У абедзвюх матуль гэта былі першыя роды, якія прайшлі добра, без ускладненняў.

Радзільнае аддзяленне было ўпрыгожанае да свята, стаяла ёлка, і матулі адчулі атмасферу свята.

– Але гэта ўскладае двайную адказнасць на медыцынскіх работнікаў, – гаворыць намесніца галоўнага доктара па медыцынскай частцы Маладзечанскага радзільнага дома  Юзэфа Буйко. – Выдатна, што матулі адчуваюць свята, але з-за гэтага яны больш узбуджаныя, удзяляюць менш увагі розным сімптомам.

Усяго за мінулы год у Маладзечанскім раддоме нарадзілася 1448 дзяцей.

У Вілейцы двое дзетак не сталі чакаць навагодняй ночы ва ўлонні маці. 31 студзеня нарадзіўся спачатку хлопчык каля 12 гадзін дня, а потым і дзяўчынка – пасля 17. А ў 2011 годзе першыя роды ў Вілейцы прынялі 3 студзеня. Нарадзіўся хлопчык.

У Ашмянах у першыя дні новага года нараджаліся адны дзяўчынкі. Спачатку 1 студзеня свет убачылі дзве прыгажуні– каля 14 і 16 гадзін. А потым і 2 студзеня нарадзіліся таксама дзве дзяўчынкі.

У радзільным аддзяленні астравецкай бальніцы падчас навагодняга свята родаў не было. Затое за 2010 год усяго тут нарадзілася дзвесце дзяцей. У 2009 годзе тут прынялі 140 родаў, а ў 2008 – 50.

– Амаль усе астраўчанкі пачалі раджаць тут, у нашай бальніцы, – расказвае Святлана Нікалаенка, загадчыца радзільнага аддзялення. – Раней яны ехалі ў Маладзечна, Мінск. Для нас вялікая радасць, што цяпер увесь час ёсць работа.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота uxaxa.ru