Казачных гасцей з Поўначы, Дзеда Мароза і яго світу, віталі віляйчане і госці горада 9 студзеня на Вілляніным хутары.

Тут адбылася акцыя “Віллянін хутар запрашае ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза”. Яна распачалася ў 12 гадзін са старту “Вілейскай лыжні”.

Адначасова з ёю пачаўся конкурс на лепшую снежную фігуру “Снежны майстар”. Па словах дырэктара Палаца культуры Алесі Супрановіч, у ім паўдзельнічалі больш за 100 чалавек: “Яны працавалі і па адным, і парамі, і камандамі, ляпілі ракеты, дамы, замкі, абедны стол, нават канапу і аўтамабіль для Дзеда Мароза. І, вядома ж, зайкаў і трусікаў – сімвалаў года”. Некаторым дзецям дапамагалі дарослыя.

Дзеда Мароза і яго світу віталі весела і дружна. Аказалася, што паўночныя госці прыйшлі ў Вілейку пешшу: Дзед Мароз патлумачыў, што алені не прабіліся праз глыбокі снег. Ён паглядзеў і выбраў лепшыя снежныя вырабы. Перамаглі ў конкурсе каманда “Зайцы”, якая складалася з вілейскіх сем’яў Такмаковых, Смоліяў і Пятроўскіх і дзіцячая каманда з Санкт-Пецярбурга.

Трусікі Несквікі каля рэзідэнцыі частавалі ўсіх ахвотных гарачым шакаладам. Гасцей свята забаўлялі Бабы Ёгі і іншыя казачныя персанажы. Кемлівых чорт частаваў цукеркамі. Чароўнае люстэрка малых навучала розуму, а дарослым дапамагала амаладзіцца. Дзеці чыталі Дзеду Марозу вершы і атрымоўвалі за гэта салодкія прызы. Працавалі гандлёвыя пункты.

Людзей на паўвостраве было шмат. Па словах Алесі Супрановіч, на свята прыйшлі не толькі мясцовыя жыхары, але і спартсмены з Санкт-Пецярбурга, якія ў гэтыя дні былі ў Вілейцы ў спартыўным лагеры.

Свята наладзілі супрацоўнікі Палаца культуры і краязнаўчага музея.

Святлана ЦІШКО.

Фота Ігара МАРОЗА.