Міжнародны фестываль імя Міхала Клеафаса Агінскага можа адбыцца ў Залессі і Маладзечне.

Музычнае свята збірала меламанаў тройчы. Сёлетні фестываль будзе доўжыцца з 21 жніўня па 11 лістапада. Арганізатары плануюць раздзяліць яго на дзве часткі. Спачатку беларускія музыканты выступяць з творамі Агінскіх у польскім горадзе Івоніч-Здруй, а потым польскія артысты пакажуць сваё ўменне ў беларускіх залах.

Арганізатарам IV Міжнароднага фестывалю імя Агінскага выступае Барталамей Быкоўскі, дырэктар гміннага цэнтра культуры ў Івоніч-Здруй. Мастацкім дырэктарам з’яўляецца вядомы піяніст прафесар Анджэй Пікуль. Фінансавая падтрымка размеркаваная паміж польскім і беларускім бакамі. На беларусаў ускладзеная і арганізацыя канцэрта ў Залессі ці іншым месцы Беларусі, звязаным з Агінскім.

Зміцер Рагачоў, адзін з удзельнікаў праграмы падрыхтоўкі да 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Агінскага ў 2015 годдзе, сумняваецца, ці дазволяць умовы ў Залессі даць такі канцэрт. На яго погляд, сядзібу Агінскіх наўрад ці можна паспець добраўпарадкаваць дастаткова, каб  тут было магчыма правесці фестываль міжнароднага ўзроўню. Таму больш верагодна, што беларуская частка фестывалю пройдзе на базе музычнага вучылішча імя Агінскага ў Маладзечне.

Зараз праект абмяркоўваецца. Калі запланаванае здзейсніцца, то гэта будзе значным укладам у падрыхтоўку да 250-годдзя з дня нараджэння знакамітага земляка. Ёсць шанц, што 2015 год будзе аб’яўлены ЮНЕСКА годам Агінскага. Для гэтага неабходна даказаць значнасць яго асобы рознымі спосабамі, у тым ліку − правядзеннем мерапрыемстваў міжнароднага ўзроўню пад яго імем.

Фестываль будзе доўжыцца некалькі месяцаў. Адкрыццё адбудзецца ў Івоніч-Здруй, а потым па некалькі разоў на месяц канцэрты пройдуць у розных месцах. Па словах Зміцера Рагачова, мерапрыемства ўяўляе сабой не адну і тую праграму, якая паўтараецца, а комплекс выступленняў. Сярод іх − фартэпіянны канцэрт, вакальны, маладых выканаўцаў і іншыя.

Заснаванне гэтага фестывалю ў Івоніч-Здруй не з’яўляецца выпадковым. У гэтым горадзе жыла дачка Агінскага Амелія са сваім мужам. Яна стала аўтарам многіх культурных праектаў для горада, дзякуючы яе дзейнасці ў Івоніч-Здруй культурнае жыццё стала надзвычай актыўным. А музычны фестываль прысвяцілі бацьку Амеліі як знакамітаму музыканту.

Па словах даследчыка і знаўцы творчасці Міхала Агінскага Сяргея Верамейчыка, музычны фестываль імя нашага знакамітага земляка праводзіцца і ў літоўскім горадзе Рэтавас, але прысвечаны ён наогул музычнай дынастыі Агінскіх.

Раз на два гады ладзіцца моладзевы музычны фестываль у смаргонскай музычнай школе імя Агінскага.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота з архіва “РГ”.