Рэдактар газеты Таварыства беларускай мовы «Наша слова» Станіслаў Суднік лічыць, што ён «дылетант ва ўсіх пытаннях». Тым не менш, наўрад ці дылетантаў узнагароджваюць медалём «За баявыя заслугі» і ордэнам «За службу Радзіме╗, дапускаюць да баявых пускаў ракет, прымаюць ў Саюз пісьменнікаў…

З сапраўдным падпалкоўнікам запасу, рэдактарам газеты «Роднае слова» і часопіса «Лідскі  летапісец» наша гутарка.

– Дык ты сапраўды дылетант?

– 14-ы год выдаю газету, не маючы журналісцкай адукацыі, выдаю часопіс. Друкаваў многа мовазнаўчых артыкулаў, не маючы філалагічнай адукацыі. Выдаў першы ў свеце беларускі падручнік па стэнаграфіі. Дылетант шырокага профілю (смяецца).

Хто закінуў зернетка патрыятызму

Што ж падштурхнула Станіслава да спраў, блізкіх да мовы?

Ды нічога, сцвярджае суразмоўца. Станіслаў Суднік нарадзіўся на хутары, дзе не было электрычнасці, амаль не бывала чужых людзей.

– І была адна мова, – кажа госць нашай рэдакцыі. – Чыстая літаратурная беларуская мова. Гэта пад Нясвіжам. Мова Коласа. Ад гэтага і пачалося.

Першы вершык, які вывучыў “на слых” ад сваёй бабулі малы пяцігадовы Стасік, быў верш Францішка Багушэвіча “Здарэнне”:

– Раз я ехаў з-пад Кіяны

Ды ў Смургоні, і не п’яны,

Як прыехаў да Ваўкелы,

А конь добры быў – мой белы… – дэкламуе Станіслаў.

Тая ж бабуля, па словах Станіслава Судніка, і паўплывала на яго светапогляд.

Калі ў яе пыталіся: “Цётка, чаму вы па-польску не гаворыце”, бо не стаяла пытанне паміж беларускай і рускай мовай, а толькі між беларускай і польскай, то бабуля адказвала: ”Гавары як бог даў. Хто такія палякі? Мужыкі. А мы – шляхта!”

Каго палякі нагайкай выраўняць не змаглі

Гэта быў хутар Касцянева. Бабуля Суднік-Грынкевіч, ураджоная Мысліцкая.  Другая бабця, Станіслаў падкрэслівае, што яе звалі менавіта так, у адрозненне ад першай, ураджоная Войніч. Шляхецкі ж герб Суднікаў-Грынкевічаў, прадстаўнікоў Радзівілаўскай шляхты, быў герб Ляліва.

Станіслаў лічыць, што менавіта ў шляхецтве адзін з сакрэтаў беларускасці Нясвіжчыны.

– Калі палякі ў 20-я гады адчынялі свае школы, то Нясвіжчына ПАГАЛОЎНА выступіла супраць гэтага. І калі мужыкоў палякі маглі крыху падраўняць пад гэтыя школы нагайкай, то раўняць нагайкай шляхту не выпадала.

У наваколлі, сцвярджае Станіслаў, была традыцыя, што мясцовая шляхта нікому не давала загаварыць па-польску. Проста смяяліся з такіх “палякаў”.

І калі нехта казаў, што ён паляк, то мелася на ўвазе толькі прыналежнасць да каталіцкага касцёла. Хаця яшчэ была памяць пра  тое, што ўсе нядаўна былі ўніятамі…

– Таму там у нас традыцыі беларускія моцныя, – робіць высновы суразмоўца. – Не так многа можа быць адтуль пайшло дзеячаў нацыянальнага руху, але калі паглядзець на агульную абстаноўку, яна была на Нясвіжчыне вельмі беларускай.

На жаль, у той час не знайшлося ў гэтых юнакоў і дзяўчат адукаванага лідара, які б расказаў ім пра Вялікае Княства Літоўскае, пра Беларускую Народную Рэспубліку, бел-чырвона-белы сцяг. Пра Пагоню ведалі толькі з верша Максіма Багдановіча. А больш – нічога.

– Пра сталінскія рэпрэсіі ведалі ўсё, а пра беларускі рух не было каму расказаць, – згадвае Суднік. – Таму ў нас у школе не было ніякай беларускай ідэі, звязанай з нацыянальным рухам. Не было сістэмнага падыходу. Усё ішло хаатычна. Таму мы і не папсавалі біяграфіі. Ніхто з нас нідзе не сеў. Нікога ніадкуль не выкінулі.

Як хлопчык з глыбінкі ў афіцэры падаўся

Стась заўсёды любіў гістарычную тэматыку: цікавіўся беларускімі князямі, войскамі. Ён звязвае гэта і з генамі, слаўным баявым мінулым сваіх продкаў з Радзівілаўскай шляхты. Але моцна ў войска не рваўся. Хацеў паступіць на ядзерную фізіку:

– Ды ніхто з маёй вёскі мне не расказаў, куды я павінен паехаць і куды паступаць.

“Агітатар” жа з Мінскага зенітна-ракетнага вучылішча даехаў да вёсачкі на Нясвіжчыне. Расказаў, што радыётэхніка ў войсках суперсучасная, што… І падаўся Стась у вайскоўцы. Атэстат быў толькі з адной чацвёркай па рускай мове. І то толькі за тую памылку ў сачыненні, што замест рускіх літар аўтаматычна паставіў два стэнаграфічныя знакі – у той час ён ужо няблага ведаў стэнаграфію.

Так і паступіў.

У вучылішчы курсант Суднік усе пяць год размаўляў толькі па-беларуску. Сказаў: “Я тут дома”.

– Паўгрупы, а можа і паўкурса, – удакладняе пан Суднік, – былі беларусы і спакойна на гэта рэагавалі. Адзін з Узды мне сказаў: “Стась, калі ты гаворыш па-беларуску, то або чыста гавары, або размаўляй па-руску!”. “Здрасце вам”, – адказваю, –“А не па-руску!”. Пакантраляваў трохі сваю мову, каб стала чыста літаратурнай.

“Наша радзіма – Беларусь!”

Першае месца службы маладога афіцэра Судніка было на Урале. Каб не забыцца на роднае слова, яны з жонкай выпісвалі беларускія часопісы. Дома Суднікі заўсёды размаўлялі толькі па-беларуску.

– А калі нарадзіўся там на Урале ў нас сын, то яму было праблематычна гаварыць “Мая радзіма – Беларусь”, то ён “выкручваўся” з гэтай сітуацыі кажучы: “Наша радзіма Беларуся”, – усміхаецца Станіслаў.

Ужо пазней, у 83-м, па пераездзе на новае месца службы ў Казахстан, Станіслаў са сваімі аднадумцамі, выхадцамі з Беларусі, трымаліся свайго зямляцтва. Якое з наступленнем перабудовачных часоў набыло, па словах Судніка, яркую нацыянальную афарбоўку.

У 1988-м Станіслаў Суднік паступае ў акадэмію. І прыязджае ў Беларусь:

– Знайшоў тут каардынаты хлопцаў-адраджэнцаў, павёз у Казахстан ад іх беларускую літаратуру. Адтуль мы прыслалі на Беларусь ліст, 17 чалавек падпісаліся, – каб надаць беларускай мове статус дзяржаўнай. І гэты ліст Ніна Мазай агучвала на пасяджэнні Вярхоўнага Савета.

Ад 1990-га ў Казахстане Суднік са сваімі паплечнікамі пачаў выпускаць газету “Рокаш” – “ваяр”.  Ад верасня адкрылі нядзельную беларускую школу, якая праіснавала тры гады.

А ў 1992-м такая ж школка адчыніла свае дзверы ў Цверы. Чаму? Магчыма таму, што там у акадэміі вучыўся афіцэр з Беларусі Станіслаў Суднік.

Беларускае афіцэрства

У 1992-м Станіслаў Суднік паспяхова заканчвае акадэмію. Але да гэтага часу СССР перастае існаваць. І ён з яшчэ 40 тысячамі афіцэраў-беларусаў задаецца пытаннем, што рабіць далей?

– Для многіх з гэтых 40 тысяч паняцце афіцэр-беларус не было паняццем нацыянальнасці. Камароў з Лагойска, рускі па нацыянальнасці, усё адно лічыў сябе беларусам па месцы нараджэння. Як і Іван Ягораў з Гомеля. Яны заўсёды трымаліся беларускасці, беларускай кампаніі. Дзеці іх хадзілі ў нядзельную беларускую школку, – гаворыць Станіслаў.

Па яго словах нацыянальнасць не іграла ролі. Многія адносілі сябе да беларусаў толькі па той прычыне, што скончылі Мінскае вучылішча і ўзялі ў жонкі беларусак.

– Мы ж знаем, што такое расейскі народ, – кажа Станіслаў Суднік. – Яны ж многія без радзімы, без кораня. У іх няма такіх радаводаў, як у нас, на 300 гадоў. Прычына ў тым, што яны моцна пацярпелі, іх перабілі ў гэтых войнах… І калі яны прыбіваліся да моцнай беларускай радні, а асабліва той, хто трапляў у рукі нашай каталіцкай беларускай цёшчы, то ён праз два месяцы стаяў у касцёле на імшы! – смяецца Станіслаў.

Дык вось такіх афіцэраў было каля 40 тысяч, і перад беларускім грамадствам стаяла задача вярнуць іх дадому. Станіслаў Суднік расказвае:

– Кандыдаты, дактары навук, палкоўнікі, падпалкоўнікі, якія распрацоўвалі канцэпцыю Узброеных Сіл Беларусі, прыязджалі з Цверы. Мы хадзілі да Шушкевіча, Кебіча вырашаць гэтыя пытанні, – успамінае Станіслаў. – Шушкевіч тады сказаў: “Нічога ва Узброеных Сілах не разумею, ідзіце да Кебіча”. Кебіч многа чаго паабяцаў, а нічога не зрабіў І ўсе нашы афіцэры засталіся кінутымі. Пачаўся працэс стыхійнага вяртання, як гэта адбывалася ў 18-м годзе. Расія не моцна адпускала. Тут яшчэ горш бралі.

Многія маладыя афіцэры проста звальняліся, каб толькі трапіць дадому. Наш госць сцвярджае, што такіх былі тысячы.

“Крокам руш!”

Урэшце Станіслаў Суднік, якому дапамаглі перавесціся ў Беларусь таварышы, трапіў на службу камандзірам дывізіёна ў Масты.

– Я адразу перавёў усё падраздзяленне на беларускую мову, не маргнуўшы вокам. Сяржантам быў дадзены тыдзень. Афіцэрам, як больш бесталковым, – падпалкоўнік усміхаецца, – два тыдні.

У першы дзень свайго прыезду навічок-афіцэр намаляваў герб “Пагоня” і вывесіў яго на вароты, падняў над дывізіёнам бел-чырвона-белы сцяг, прывезены з Казахстана.

Страявыя, шыхтовыя, як кажа Суднік, каманды, якія ён разам з сябрамі распрацаваў у Казахстане, сяржанты вывучылі. І праз тыдзень ужо гучала: “Лева фронт!”, “Крокам руш!”.

– І вось стаіць сяржант Маскалёў, – расказвае былы камандзір дывізіёна, – родам з Латвіі, які сказаў, што застанецца ў Беларусі, камандуе: “Лева фронт!”, “Крокам руш!”, а азербайджанец Мамедаў маршыруе па пляцы.

Дывізіён служыў на беларускай мове, баявая работа таксама вялася па-беларуску, і калі ў іншых месцах дакладалі: “Цель унічтожена”, то падначаленыя Судніка: “Цэль знішчаная”.

Пасля была служба ў Росі, выхад у запас і пераезд у Ліду, дзе афіцэру-запасніку і яго сям’і далі жыллё.

Цяпер Станіслаў выдае газету “Наша слова”, якая на пазамінулым тыдні выйшла сваім тысячным нумарам, выдае разам з музейным работнікам Сяргеем Сліўкіным часопіс “Лідскі Летапісец”.

У адным з наступных нумароў мы раскажам, што, на думку Станіслава Судніка, можна добрага зрабіць у Маладзечне, пераймаючы досвед Ліды ў правядзенні “Дажынак”. І як тут не нарабіць памылак.

Гутарыў Аляксандр МАНЦЭВІЧ.
Фота Belsat.eu.