Самым яскравым і запамінальным канцэртам, які адбыўся ў музычным вучылішчы ў лютым, стаў юбілейны канцэрт Георгія Юрэвіча – выкладчыка сольных спеваў, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце.

Менавіта ў гонар Георгія Іларыёнавіча спявалі яго ж выпускнікі на роднай сцэне вучылішча, у яго адрас гучалі шчырыя словы віншаванняў, яму прызначаліся самыя прыгожыя букеты кветак і авацыі перапоўненай вялікай залы вучылішча.

Георгій Юрэвіч – чалавек, які аддана, шчыра і жыватворна існуе ў музыцы: самастойна, у якасці спевака, а таксама побач з выпускнікамі, якім ён дапамагае высока ўзляцець у вакальным майстэрстве.

Больш за 30 год у класе выкладчыка атмасфера творчасці і добразычлівага супрацоўніцтва дапамагае гадаваць таленавітых музыкантаў, якія становяцца лаўрэатамі і ўладальнікамі Гран-пры прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. І ўсё гэта дорыць юбіляру радасць і сапраўднае творчае шчасце.

Павіншаваць свайго настаўніка з 60-годдзем і 30-годдзем творчай дзейнасці прыехалі шматлікія яго вучні, якія з’яўляюцца салістамі вядучых музычных тэатраў Беларусі, Расіі і Еўропы, дзе годна вылучаюцца раскошнымі галасамі і моцнай вакальнай школай. Кожны саліст, які спяваў на канцэрце, валодае асаблівым тэмбрам, эмацыянальнасцю і артыстызмам. Прыгожыя галасы студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Арцёма Хамічонка, Андрэя Воранава, лаўрэата міжнароднага фестывалю-конкурсу Андрэя Саўчанкі выклікалі шчырыя водгукі слухацкай аўдыторыі.

З асаблівым пачуццём прагучалі музычныя відэавіншаванні для Георгія Іларыёнавіча ад студэнта кансерваторыі Санкт-Пецярбурга Паўла Валужына і саліста Марыінскага опернага тэатра Дзмітрыя Дзямідчыка.

Выступленне Анатоля Сіўко, лаўрэата міжнародных конкурсаў, змяшчала розныя па характары нумары – і бліскучыя куплеты Тарэадора з оперы Бізэ “Кармэн”, і напоўненая болем арыя Алека з оперы Рахманінава, і змрочная карціна ўрачыстага лікавання Смерці ў песні “Палкаводзец” Мусаргскага.

Моцны голас саліста акадэміі Марыінскага тэатра Рамана Завадскага ўразіў слухачоў драматызмам і трагічнай сілай у сцэне смерці Атэла з оперы Вэрдзі, мальбой і палкасцю ў арыі Германа з оперы “Пікавая дама” Чайкоўскага. Ясны, светлы і празрысты тэмбр Аляксандра Лукашэвіча, вядучага саліста ансамбля Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай Федэрацыі, уладальніка медаля за ўклад у развіццё культуры Расіі, вельмі шчыра прагучаў у славутых тэнаровых творах – рускай народнай песні “Жыве мая атрада” і неапалітанскай народнай песні “Вярніся ў Сарэнта”.

Кульмінацыяй творчага вечара Георгія Юрэвіча “Юбілей сярод сяброў” стала выступленне лаўрэата міжнародных конкурсаў, саліста Марыінскага і Вялікага оперных тэатраў Уладзіслава Сулімскага. Кожны яго выхад на сцэну быў сапраўдным спектаклем: у напружанай арыі Рэната з оперы “Баль-маскарад” Вэрдзі, у іранічнай арыі Томскага з оперы “Пікавая дама” Чайкоўскага, ў феерычнай камічнасці арыі Заікі з оперы “Маскі” Масканьі. Цікавым нумарам стаў дуэт Анатоля Сіўко і Уладзіміра Сулімскага (з оперы Вэрдзі “Аціла”), у якім сталасць і выканальніцкі вопыт сутыкнуліся з маладой настойлівасцю і задорам.

Увесь творчы вечар, напоўнены паэтычным натхнёным суквеццем мужчынскіх галасоў, завяршыўся выступленнем хору пад кіраўніцтвам Веры Каханоўскай: “Я люблю цябе, жыццё” – гэты шчыры твор прагучаў як жыццёвае крэда шаноўнага Георгія Юрэвіча.

Яўгенія МАЦКЕВІЧ.

Фота забяспечана Яўгеніяй МАЦКЕВІЧ.