Мы з мужам жывём у трохпакаёвай прыватызаванай кватэры. Штомесяц плацім за “лішнія метры”. Сем метраў квадратных – нямнога, але што гэта такое ўвогуле? Чаму яны “лішнія”? І за што канкрэтна на гэтых метрах мы плацім?

Ядзвіга К., Маладзечна.

Тлумачыць бухгалтар па квартплаце ЖРЭУ №1 Тамара Сарока:

– Згодна з Пастановай Савета Міністраў, для аплаты тэхнічнага абслугоўвання шматкватэрных дамоў дзейнічаюць два тарыфы. Так званыя “ўстаноўленыя тарыфы” – за тэхабслугоўванне ў межах 20 квадратных метраў агульнай плошчы на кожнага слена сям’і, які жыве ў кватэры, і 10 квадратных метраў – на ўсю сям’ю. За астатнюю плошчу – па тарыфе, “які забяспечвае поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на аказанне паслуг”. Ён ўдвая большы, чым устаноўлены Саветам Міністраў – у снежні 2010 года было адпаведна 622,5 рубля і 296 рублёў за квадратны метр.

Напрыклад, сям’я з двух чалавек па меншым тарыфе аплочвае 50 метраў квадратных агульнай плошчы (20+20+10), астатнія метры – як кажуць, “лішнія”, за іх – па 622,5 рубля.

Непрацуючыя пенсіянеры, інваліды першай і другой груп, якія жывуць асобна ад працаздольных членаў сям’і, за “лішнія метры” плацяць, як і за іншыя – па норме, па ўстаноўленых тарыфах.

Калі кватэра па дакументах пустуе, у ёй не прапісаны ўласнік, наймальнік ці члены яго сям’і, то ўся плошча лішняя, і за камунальныя паслугі трэба плаціць па “поўных” тарыфах: тэхнічнае абслугоўванне і капітальны рамонт – 622,5 рубля за квадратны метр, за ацяпленне – 86894 рубля за Гігакалорыю (43458,3 рубля – па ўстаноўленым тарыфе). Паводле Жыллёвага кодэкса, членамі сям’і ўласніка ці наймальніка жылля лічацца муж ці жонка, дзеці і бацькі. Унукі ці бабулі, дзядулі членамі сям’і не з’яўляюцца. Калі, напрыклад, бабуля і дзядуля адны прапісаныя ў кватэры, якую яны падарылі ўнуку, то будуць плаціць па поўным тарыфе, бо не з’яўляюцца членамі сям’і ўласніка. Каб плаціць па норме, трэба, каб там быў прапісаны ўнук (уласнік жылля) ці хаця б адзін з членаў яго сям’і (хто-небудзь з бацькоў, дзеці).

Падрыхтавала Святлана ЦІШКО.