Рэдактар газеты Таварыства беларускай мовы «Наша слова», старшыня суполкі Таварыства ў Лідзе Станіслаў Суднік расказвае, як маладзечанцам можна пазбегнуць некаторых памылак у падрыхтоўцы да «Дажынак».

– Ці можа Станіслаў Суднік даць нейкія парады, як пазбегнуць памылак у падрыхтоўцы да “Дажынак”?

–       Гледзячы каму іх даваць.

–       Гараджанам, уладам.

– Уладам. Каб улады прыслухоўваліся да думкі грамадскасці. Да “Дажынак” у Лідзе перайменавалі некалькі вуліц. Зрабілі вуліцу Грунвальдскую, бульвар Гедзіміна, вуліцу Замкавую, праспект Перамогі. І вывесілі шыльды на рускай мове!

Я напісаў ліст старшыні райвыканкама. Той пазначыў: “Аўтар мае рацыю”. І ўсе шыльды замянілі на беларускамоўныя. Улада прыслухалася.

– У Маладзечне беларускіх назваў дастаткова. Яшчэ за часамі Каханоўскага іх прынялі…

– Так. Але сачыць трэба за моўным рэжымам. Бо зараз пачнуць абнаўляць. У нас калі спыталіся, чаму шыльды на рускай мове, то адказ быў такі, супраць якога наогул нічога не скажаш: “Лахануліся!”

Каб вам не “лахануцца”, грамадскасці трэба адсочваць: плануецца замена шыльдаў, то якія шыльды і на якой мове робяцца?

Тое, што мы не змаглі зрабіць, можа Маладзечна зрабіць. Афармляўся аўтавакзал. Увесь аформілі па-беларуску. Гэта рабіла адна фірма. Другая фірма рабіла платформы і аформіла іх па-руску.

Чыгуначны вакзал. Знадворку усё па-беларуску. Заходзім унутр, там – па-руску.

Спартыўныя аб’екты. Лядовы палац. Аформлены па-беларуску. Спарткомплекс “Алімпія” побач – па-руску.

Адбывалася так: “Як хто хоча, так той і вароча”. А грамадскасць не паспявала ў гэтую сітуацыю ўнікнуць. Кінатэатр “Юбілейны” зрабілі па-руску. Бібліятэку, музей, канешне ж, па-беларуску.

Аб’екты культуры трымаліся. Але як толькі адходзілі ад аб’ектаў культуры, узнікаў разнабой. Жадаю, каб маладзечанскай грамадскасці гэта ўдалося адсачыць і пазбегнуць… У апошні момант ніхто не будзе мець паняцця, дзе знайсці якія дакумент, праект. Калі будзе чалавек, які б адказваў у штабе “Дажынак” за моўны рэжым, было б лепей.

У Лідзе, прынамсі, беларускай мовы не паменшала. Стаўленне ў нашым райвыканкаме да беларускай мовы абсалютна нармальнае і амаль што ўсе валодаюць беларускай мовай. Калі не гавораць, то могуць гаварыць. І ніхто з гэтага праблемы ніякай не робіць.

І калі я як старшыня ТБМ уваходжу ў каардынацыйную раду палітычных партый і грамадскіх арганізацый пры Лідскім райвыканкаме – ёсць такая – і рыхтуецца план работы на наступны год, то мне даюць план на беларускай мове.

Многае, канешне, залежыць ад кіраўнікоў устаноў. Той самай культуры. І калі душа чалавека, які адсочвае моўны рэжым, будзе балець, то і непаразуменняў не будзе, як у нас атрымалася з Палацам культуры. Унутры ўсё па-беларуску, а шыльда зверху – “Дворец культуры”.

Такое пытанне не позна вам паставіць. Мы, калі чэсна, упусцілі. Але розніца паміж Лідай і Маладзечнам у тым, што вы з восені ўсё знаеце, а па Лідзе рашэнне толькі ў лютым было прынятае.

– Я думаў, значна раней…

– Так. У нас за тры гады да прыняцца рашэння старшыня выканкама на свой страх і рызыку пачаў рыхтаваць горад. Бралі крэдыты, музей, бібліятэку, вуліцы Наваградскую, Энгельса зрабілі загадзя. І многа праектаў зрабілі да таго, як “Дажынкам” далі старт.

Нам пашанцавала з мэрам, якому душа баліць горад і які горад любіць. Ён стараецца. Яшчэ ў нас куча нявырашаных пытанняў. І сёння адна просьба ў “верхнія рады” (Станіслаў Суднік усміхаецца – А.М.), каб мэра не забралі. Бо яшчэ трэба паставіць помнік Гедзіміну, аднавіць ратушу…

Гутарыў Аляксандр МАНЦЭВІЧ.
Фота Belsat.eu.

Яшчэ па тэме:
У Маладзечне ёсць над чым працаваць у плане моўнага пытання.