Да дваццаці гадоў пазбаўлення свабоды ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму прыгавораны 56-гадовы жыхар райцэнтра Уладзімір С. за забойства з асаблівай жорсткасцю сваёй 68-гадовай сужытніцы Валянціны.

У Ашмянах справу разглядала судовая калегія па крымінальных справах Гродзенскага абласнога суда.

Здарэнне адбылося 19-20 лістапада 2010 года ў доме Уладзіміра на вуліцы Школьнай ў вёсцы Будзёнаўка. Паводле праведзенага следства, жанчыне было нанесена не менш за 37 удараў рукамі, нагамі, абухом сякеры і нажом. Нанесеныя траўмы экспертыза прызнала цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі. Ад іх развіўся траўматычны шок, ад якога пацярпелая памерла.

Паводле праведзенага расследавання, у жанчыны былі хворыя ногі, яна ледзь хадзіла, трымаючыся за сцены, і не магла супраціўляцца свайму сужытніку, калі той яе біў.

У судзе Уладзімір вінаватым у забойстве сябе прызнаў часткова. Ён адмаўляў, што наносіў сужытніцы ўдары нажом. Але гэта абвяргаецца заключэннем медыка-крыміналістычнага эксперта. Паводле гэтага заключэння, колата-рэзаная рана сцягна загінуўшай магла быць нанесеная нажом, знойдзеным на месцы здарэння і перададзеным для экспертызы.

Паказанні сведкаў у судзе таксама былі не на карысць абвінавачанага. Адзін з іх расказаў, што 17 лістапада быў у доме Уладзіміра, выпіваў з ім у адным пакоі, потым зайшоў у другі і ўбачыў на падлозе жанчыну, якой гаспадар рабіў штучнае дыханне. На твары жанчыны былі бачныя сляды крыві.

Другі сведка паведаміў суду: 21 лістапада сустрэў Уладзіміра на вуліцы. Ён быў вельмі п’яны і папрасіў давесці яго да дому. Па дарозе расказаў, што забіў сваю сужытніцу. Па словах сведкі, калі прыйшлі ў дом, гаспадар правёў яго ў пакой, дзе ляжала цела жанчыны, накрытае коўдрай. Уладзімір паўтарыў: я забіў яе.

Іншыя сведкі пацвердзілі, што абвінавачаны неаднаразова збіваў Валянціну і спойваў яе. У 2005 годзе мужчына быў асуджаны за катаванне Валянціны. Тады па прыгаворы суда ён атрымаў 1 год і 8 месяцаў зняволення. З калоніі вызваліўся ўмоўна-датэрмінова ў 2007 годзе, вярнуўся да Валянціны, і здзекі над жанчынай пачаліся зноў.

Судзімасць за катаванне – не адзіная ў біяграфіі Уладзіміра. У 1996 годзе ён быў пакараны за забойства, а ў 2004 – за наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання.

Паводле заключэння экспертаў-псіхіятраў, абвінавачаны не пакутаваў і не пакутуе на псіхічныя захворванні. У момант здзяйснення злачынства ён быў пры памяці і разумеў, што забівае сваю сужытніцу.

Судовая калегія паставіла ў віну Уладзіміру забойства чалавека, які знаходзіцца ў бездапаможным стане, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю. Улічыў суд і тое, што абвінавачаны раней ужо быў асуджаны за забойства. У выніку – 20 гадоў пазбаўлення свабоды. У калоніі мужчыну будуць прымусова лячыць ад алкагалізму.

Уладзімір РАБАЎ, старшы пракурор аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах пракуратуры Гродзенскай вобласці.

Сяргей ЗЯНЬКО.