Спартыўна-музычнае свята “Тры волаты” прайшло 5 сакавіка ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”.

За званне лепшых спаборнічалі чатыры каманды: “Тры мушкецёры” (філіял “Сонечны”, Сасновы Бор, кіраўнік Галіна Іванькіна), “Тры таўстуны” (філіял у вёсцы Насілава, кіраўнік Галіна Кандраценка), “Тры парсючкі” (філіял “Пралеска-Тур”, кіраўнік Валеры Трацяк), “Тры таполі на Зялёным” (філіял “Зялёны”, завулак Зялёны, кіраўнік Віталь Млечка).

“Дружыны” складаліся з чатырох чалавек: трох асілкаў 13-15 гадоў і адной дамы сэрца. Каманда-пераможца вызначалася па найменшай суме месцаў, занятых ва ўсіх конкурсах. Паміж этапамі музычныя нумары дэманстравалі выхаванцы вакальных гурткоў цэнтра, паказальнае выступленне наладзілі фехтавальшчыкі са спартыўнай школы.

Прадстаўленне камандаў выйгралі “Тры мушкецёры”, якія падрыхтавалі не толькі тэкст, але і адпаведныя касцюмы.

У адцісканнях, нягледзячы на назву, перамаглі “Тры таўстуны” – 138 разоў на траіх. Найлепшы вынік у асабовым заліку паказаў Сяргей Цыганкоў з “Трох мушкецёраў” – 57 адцісканняў.

У конкурсе на трапнасць волаты мелі тры спробы на тое, каб закінуць мяч у вядро. Аднолькава добрыя вынікі – па пяць разоў – паказалі каманды “таўстуноў” і “мушкецёраў”.

Падчас кулінарнага этапа не трэба было нічога гатаваць – хлопцы спаборнічалі ў з’яданні фруктаў на хуткасць: адначасова адзін еў яблык, другі – банан, трэці – мандарын. Хутчэй за ўсё спраўляліся з мандарынам, найбольш часу займаў яблык. “Тры парсючкі” з’елі фрукты хутчэй за іншыя тры каманды – 1 хвіліна і 13 секунд.

Хлопцы спаборнічалі ў з’яданні фруктаў на хуткасць. “Тры таполі”: Антон Шаблыка, Анатоль Ласоцкі, Максім Герасемчык.

Найлепшае прызнанне ў каханні даме сэрца падрыхтавалі “Тры таполі”.

Апошні конкурс – музычнае выступленне дамы сэрца ці рыцара для дамы. У ім першае месца журы прысудзіла Эдуарду Жалубоўскаму (“Тры парсючкі”), які выконваў песню “Мы вам честно сказать хотим” ансамбля “Цветы”, – яго сябры падтанцоўвалі.

Выступаюць “Тры парсючкі”: Мікіта Мардасаў, Эдурд Жалубоўскі (з мікрафонам), Маргарыта Траццяк, Іван Ніканчык.

Па выніках усіх этапаў “Тры таполі” і “Тры парсючкі” набралі аднолькавую колькасць балаў, але больш першых месцаў было ў “парсючкоў”. Яны і сталі пераможцамі спартыўна-музычнага свята. Але тарты атрымалі ўсе чатыры каманды.

Святлана ЦІШКО.

Фота Віталя МЛЕЧКІ.