Распачаўся капітальны рамонт Цэнтральнай плошчы – цяпер рабочыя з дапамогай будаўнічай тэхнікі разбіраюць брук, які захаваўся пад асфальтам.

На плошчы працуе будаўнічая тэхніка.

Асфальт з плошчы знялі напрыканцы мінулага тыдня. У аддзеле архітэктуры райвыканкама патлумачылі, якія работы запланаваныя на Цэнтральнай плошчы.

Паводле экспертнага заключэння “Дзяржбудэкспертызы па Мінскай вобласці” праект капітальнага рамонта плошчы прадугледжвае яе добраўпарадкаванне з абуладкаваннем двух уездаў, паркоўкі для аўтамабіляў на 17 машын, астраўка для чакання транспарту.

На плошчы плануюць пакласці дробную (20х20 см) плітку шэрага, чырвонага і зялёнага колераў. Па перыметры ўсталююць асвятленне, каля помніка Леніну і ўваход у каледж – дэкаратыўныя трохражковыя таршэры.

Запраектаваныя таксама дадатковыя сеткі дажджавой каналізацыі, замена дожджапрыёмных рашотак.

Добраўпарадкуюць і сквер побач з плошчай. Жывую агароджу плануецца высячы, астатнія дрэвы абрэзаць, раны зачысціць і дэзінфікаваць. У зоне адпачынку – пасеяць газонную траву і зрабіць кветнікі.

“РГ” пастараецца высветліць далейшы лёс каменя-помніка ў скверы і старога бруку з плошчы.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.