Яе асноўную частку склалі здымкі Вілейкі пачатку мінулага стагоддзя з фондаў музея і калекцыі мінчука Уладзіміра Ліхадзедава. Ёсць і сучасныя фатаграфіі і работы мастака Эдуарда Мацюшонка, якога натхнілі старыя фотакарткі.

Дырэктар музея Сяргей Ганчар: “Мы да гэтага ішлі доўгі час. У фондах музея захоўваліся здымкі Вілейкі стогадовай даўніны, з вуліцамі горада, яго людзьмі. Магчымасць арганізаваць такую выставу з’явілася, калі мы пазнаёміліся са знакамітым калекцыянерам паштовак Уладзімірам Ліхадзедавым”.

Выставу планавалі адкрыць яшчэ летась, калі горад адзначаў 550-годдзе. Але, па прызнанні кіраўніка музея, шэраг іншых юбілейных мерапрыемстваў не дазволіў гэта зрабіць.

Арыгіналы некаторых са здымкаў, рэпрадукцыі якіх экспануюцца ў зале выставаў, захоўваюцца ў фондах музея. Яны у свой час публікаваліся ў “Рэгіянальнай газеце” ў рубрыцы “Стары альбом”. Рэпрадукцыі арыгіналаў склалі частку экспазіцыі выставы “Вілейка: падарожжа ў часе”. Некаторыя старыя здымкі Вілейкі можаце паглядзець тут:  “Вілейка на старых паштоўках”.

Найважнейшае адкрыццё

Найважнейшым адкрыццём у рабоце са старымі здымкамі Вілейкі назвалі ўстанаўленне месцазнаходжання будынку Павятовага з’езда старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава і Уладзімір Ліхадзедаў.

– Я рады, што дапамог вызначыць месца, дзе быў павятовы з’езд – тагачаснае кіраўніцтва Вілейскага павета, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” Уладзімір Ліхадзедаў. – У музейных работнікаў былі розныя варыянты адказаў. Мы прайшлі па вуліцах, нешта фатаграфавалі. У мяне досвед ёсць, вока набітае… З выгляду гэты сённяшні будынак не падобны да таго, што на здымку. Але калі ўгледзецца, няхай ён крыху і перабудаваны, але практычна не змяніўся. І ў гэтым было майстэрства фатографа, што такі неварызны будынак атрымаўся настолькі цікавым. Гэта ў раёне бальніцы, а ўсе меркавалі, што ён дзесьці на вуліцы Савецкай. Я, калі паглядзеў на два будынкі, якія мне паказалі, сказаў, што гэта не тое, што шукаем.

Сёння ў былым будынку Вілейскага павятовага з’езда знаходзіцца участак друкарні “Перамога” і рэдакцыя раённай газеты. Знаходзіцца ён на вуліцы Вадап’янава.

Наперадзе ў аматараў філакартыі ў Вілейцы яшчэ могуць быць не менш важныя адкрыцці. Уладзімір Ліхадзедаў кажа, што цяжка, напрыклад, вызначыць, дзе знаходзілася гімназія, рэпрадукцыя са здымка якой таксама экспануецца на выстаўцы. І тут ужо ці дапамогуць экскурсіі пешкі па горадзе. Будынак быў драўляным і наўрад ці дажыў да нашага часу. Магчымае адкрыццё можа быць зроблена пры ўважлівым прачытанні дакументаў у архівах, або музейных фондах.

Выстаўка, на думку Уладзіміра Ліхадзедава, атрымалася дастойнай. Вілейскі краязнаўчы музей можа, у адрозненне ад многіх іншых, пахваліцца сваёй калекцыяй старых фотаздымкаў. Значная частка іх, пяцідзесятых-шасцідзесятых гадоў дваццатага стагоддзя, яшчэ шырока не абнародавана і чакае свайго часу.

Выстава адбылася, як зазначыў дырэктар музея Сяргей Ганчар, дзякуючы падтрымцы старшыні Вілейскага райсавета Наталлі Радзевіч і былому дырэктару музея Яўгену Ігнатовічу.

Аляксандр МАНЦЭВІЧ.

Будынак Вілейскага павятовага з’езда. Устанаўленне месцазнаходжання яго старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава і Уладзімір Ліхадзедаў назвалі самым важным адкрыццём у іх рабоце са старымі здымкамі Вілейкі. Цяпер тут знаходзіцца участак друкарні “Перамога” і рэдакцыя раённай газеты”.

Вілейчукі слухаюць Уладзіміра Ліхадзедава.

Ля стэндаў выставы.

Выступае музычны калектыў “Элегія” пад кіраўніцтвам Таццяны Захарыч.

Уладзімір Ліхадзедаў (у цэнтры).

Уладзімір Ліхадзедаў (у цэнтры).

Сааўтар шматлікіх праектаў Уладзіміра Ліхадзедава Алесь Карлюкевіч (Мінск): “Філакартыя – масток з мінулага ў будучыню. Тое, што дапамагае захаваць, тое, што было перад вачыма нашых папярэднікаў. І цудоўна, што такой працай займаецца Уладзімір Ліхадзедаў, які выдаў больш за 10 філакартычных кніг.”

Адзін з арганізатараў выставы старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава.

Мастак Эдуард Мацюшонак расказаў прысутным аб тым як яго натхнялі гісторыі са старых фота.

Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.