Грамадскае абмеркаванне архітэктурнага праекта “Рэканструкцыя цэнтральнай плошчы” праходзіць у Ашмянах.

Праект размешчаны ў вестыбюлі райвыканкама, дзе кожны жыхар горада можа пакінуць свае заўвагі і прапановы ў спецыяльным журнале. За першы тыдзень абмеркавання пісьмовыя прапановы не паступалі. На агульным аглядзе праект будзе знаходзіца да 11 красавіка.

Архітэктурны праект ужо прайшоў экспертызу. Цяпер, у ходзе распрацоўкі рабочага плана, у яго ўносяцца карэкціроўкі. Таму і адкрылі абмеркаванне − каб улічыць прапановы гараджан.

− Ашмяны − адзін з нямногіх гарадоў, якога, на жаль, пакуль не кранула хваля абнаўлення цэнтральных плошчаў, як іншыя раённыя цэнтры Гродзеншчыны, − расказвае аб планах рэканструкцыі галоўны архітэктар раёна Вольга Абрамовіч.Мы не чакаем ні “Дажынак”, ні юбілею горада. Таму няма нагоды разлічваць на рэспубліканскі бюджэт.

Абнаўленне цэнтра Ашмянаў плануюць выканаць за сродкі мясцовага бюджэту. Праектную дакументацыю − за сродкі раёна, а ўжо самое будаўніцтва праводзіць з дапамогай абласнога бюджэту.

Па словах Вольгі Абрамовіч, у цэнтры Ашмянаў заменяць брукаванне, асвятленне, давядуць да ладу азеляненне. Рамонт закране і тэрыторыі, якія прылягаюць да цэнтра, напрыклад, участак дарогі вуліцы Савецкай. Павялічыцца колькасць парковачных месцаў для машын.

Многіх ашмянцаў цікавіць, ці знікне з цэнтральнай плошчы помнік Леніну. Галоўны архітэктар раёна адказала, што помнік застанецца на плошчы, але апынецца ў новым месцы − на свабоднай пляцоўцы каля райвыканкама.

Калі пачнецца будаўніцтва, пакуль сказаць цяжка. Усё залежыць ад падрыхтоўкі дакументацыі і фінансавання. Пытанне фінансавання для горада асабліва актуальнае, таму што каля вуліцы Барунскай ужо вядуцца работы па ўзвядзенні новага мікрараёна, для будаўніцтва якога таксама патрэбныя грошы.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ, сайт osh.by.