Падарожнік з вёскі Нястанішкі Лявон Радзюш аб’ехаў ладную частку былога Савецкага Саюза. 17 разоў бачыў Маскву, 10 – Піцер, у 90-м вырваўся ў Амерыку адведаць радню.

Гасцяваў там некалькі месяцаў, але застацца не рашыўся: дома “на кніжцы” было 40 тысяч рублёў. За іх на радзіме можна было жыць прыпяваючы.

Вёска Нястанішкі на Смаргоншчыне найперш вядомая сваім касцёлам Найсвяцейшай Панны Марыі. Чырвоная цэгла… Здаецца, храм імкнецца ўвысь і быццам цягне за сабой, да светлага і высокага, вясковых жыхароў. Дарэчы, многія з іх знайшлі занятак пры касцёле… Людзі ў Нястанішках сустракаюцца цікавыя – факт неаспрэчны. Адзін з іх – Лявон Радзюш.

А незвычайны ён перш-наперш сваёй цягай да бясконцых падарожжаў. У савецкія часы было не складана атрымаць бясплатную пуцёўку ў санаторый. Вяскоўцы скарыстоўвалі гэты шанец. Лявон Станіслававіч санаторыі не любіў. Маўляў, што толку сядзець на беразе якой сажалкі, калі ёсць магчымасць “свету паглядзець”. І глядзеў: пры першай магчымасці браў турыстычную пуцёўку ды ездзіў па ўсім СССР.

Усё жыццё Лявон Радзюш працаваў механізатарам. У розных месцах, на рознай тэхніцы. А пачынаў у 1952 годзе. Калгасная кантора тады была ў хляве, а вяскоўцы называлі першых механізатараў “антыхрыстамі” і нават на парог не пускалі.

– Былі шнуры, быў свой лес, а нас начальства прымушала межы гэтыя пераворваць, – расказвае ён. – Людзі з віламі на нас кідаліся, не пускаючы на свае надзелы… А самага заможнага гаспадара ў Нястанішках прымусілі ўступіць у калгас, накінуўшы яму пятлю на шыю ў свіране. За ім мусілі пайсці астатнія, хоць ніхто не хацеў.

За прыкладную працу атрымліваў мужчына па дзве турыстычныя пуцёўкі на год. Аб’ездзіў ладную частку СССР, пабываў у Піцеры, Пскове, Таліне, Рызе, Кіеве, Адэсе, Херсоне, Керчы ды Новарасійску аж па 6 разоў, а ў Маскву давялося з’ездзіць – 17. Вячэраў у рэстаране Астанкінскай вежы.

Увесь гэты час рваўся Лявон Станіслававіч да радні ў Амерыку, ды не мог набыць білет, нават атрымаўшы візу. Ездзіў за ім дзесяць разоў. Ды не куды-небудзь, а ў Маскву. Нарэшце яму пашанцавала: выпадковая знаёмая (як аказалася, супрацоўніца КДБ) дапамагла. Білет быў на руках, праз тры дні самалёт! Радню папярэдзіць не паспеў… Так і паехаў, як кажа, “на ўзвей-вецер”…

1989 год. Раніца. Вылет з Масквы. Прызямленне ў паўночнай Ірландыі. Незапланаванае. Адбылася аварыя, і пасажырам далі дзве хвіліны жыцця ды загад апранаць камізэлькі. Але абышлося. Пакуль у самалёце рамантавалі турбіну, усіх адправілі глядзець прыгажосці ірландскага Шанона. І вось… Канада, аэрапорт Гандэр. І нарэшце – Нью-Ёрк. Да радні дабіраўся на аўтобусе (500 км), дзе прыйшлося адбіваць напад рэкеціраў-афраамерыканцаў, што вельмі хацелі абабраць сціплага беларуса. Адбіўся, адгаварыўся, а грошы свае схаваныя не аддаў!

Даехаў да Устэра, горада непадалёк ад Бостана. Хадзіў па ім з фотакарткай і канвертам, шукаючы родных. Потым – ноч, таксі. Дом знайшлі, засталося толькі кватэру… Пашанцавала. І загасціўся Лявон у стрыечнай сястры на некалькі месяцаў.  Быў шанец нагаварыцца за ўсе гады расстання. Калісьці заможныя вяскоўцы ўцяклі за мяжу, каб не трапіць на Салаўкі, цяпер яны былі паспяховымі амерыканцамі. Тры месяцы ў Амерыцы Лявон Станіслававіч і цяпер узгадвае з цеплынёй: знайшоў там добрых сяброў: мясцовага ксяндза, габрэя з Бабруйска, сям’ю ўніверсітэцкіх выкладчыкаў паходжаннем з Польшчы і нават кангрэсмена, які звадзіў яго ў Белы дом па-сяброўску, неафіцыйна.

Прапанавалі і Лявону застацца. Ён нават знайшоў працу на мясцовым заводзе, але гаспадару распавялі, што ён з СССР, камуніст, і з працай не склалася. Да таго ж дома “на кніжцы” было 40 тысяч рублёў. Сумленна заробленых. Можна было заможна жыць на радзіме, у сваёй хаце… І падарожнічаць па іншых мясцінах. Не атрымалася. СССР разваліўся, а вялікія грошы ператварыліся ў паперкі.

Дар’я ЛІС, мястэчка Залессе.