59-гадовы жыхар Краснага падазраецца ў згвалтаванні дзвюх вучаніц адной са школ раёна. Адной дзяўчынцы 12 гадоў, другой – 14. Здарэнне адбылося вечарам 13 красавіка ў лесе каля вёскі Раёўка. Крымінальная справа ўзбуджаная 15 красавіка.

Пра гэта паведаміў “РГ” начальнік дзяжурнай часці райаддзела міліцыі Ігар Шупенка. Паводле яго інфармацыі, нецвярозы жыхар Краснага згвалтаваў дзяўчынак ў сваёй іншамарцы “насуперак волі пацярпелых, з выкарыстаннем іх бездапаможнага стану і прымяненнем насілля”.

Пракуратура Маладзечанскага раёна ўзбудзіла крымінальную справу па трэцяй частцы 166 артыкула Крымінальнага кодэкса – “Згвалтаванне заведама малалетняй”. Справу вядзе следчы пракуратуры Мінскай вобласці па Маладзечанскім раёне Сяргей Сяляўка.

Следчы расказаў нашаму выданню: па папярэдняй інфармацыі, дзяўчынкі самі селі ў машыну жыхара Краснага. Было гэта каля 15 гадзін. Потым кампанія купіла спіртнога і закускі, машына збочыла ў лес недалёка ад Раёўкі.

Паводле заяў у міліцыю школьніц, каля 17 гадзін, пасля распівання спіртнога, мужчына па чарзе згвалтаваў іх. Вечарам гэтага ж дня пацярпелыя звярнуліся ў міліцыю.

Па словах Сяргея Сяляўкі, цяпер вядзецца следства, па здарэнні прызначаныя экспертызы. Па трэцяй частцы 166 артыкула Крымінальнага кодэкса можна атрымаць ад васьмі да пятнаццаці гадоў зняволення.

Сяргей ЗЯНЬКО.